Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы ва ўсясьветнай статыстыцы ўцекачоў


Ігар Карней, Менск На рашэньне Генэральнай Асамблеі ААН штогоду 20 чэрвеня адзначаецца Ўсясьветны дзень уцекача. Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць асобаў, якія з-за ваенных канфліктаў, рэлігійнага ці палітычнага перасьледу шукаюць у іншых краінах прытулку, увесь час расьце й цяпер дасягае амаль 20 мільёнаў чалавек. Апошнім часам актыўна зьяжджаюць і беларусы.

Паводле ўпраўленьня міграцыі пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, ад сярэдзіны 1990-х больш за тры тысячы замежных грамадзянаў хадайнічалі пра статус уцекача ў Беларусі. 794 чалавекі з 13 краінаў яго атрымалі. Асноўнай краінай паходжаньня ўцекачоў ёсьць Аўганістан. Больш за сотню прыехалі з Грузіі, па тры дзясяткі — з Таджыкістану, Этыёпіі й Азэрбайджану. З астатніх краінаў — адзінкі.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, хадайніцтва аб прызнаньні ўцекачом разглядаецца як мінімум паўгоду. Калі замежнік атрымлівае статус уцекача, для пражываньня ў краіне неабходна аформіць дазвол на жыхарства. А ўжо пасьля сямі гадоў пастаяннага пражываньня ён можа падаць заяву на беларускае грамадзянства.

Ад сярэдзіны 1990-х у міграцыйным працэсе актыўна ўдзельнічаюць і беларусы. Тысячы людзей імкнуцца выехаць за межы краіны, каб у вольным сьвеце паспрабаваць наноў будаваць сваё жыцьцё. У мінулым журналіст і вядучы аўтарскіх праграмаў Беларускага тэлебачаньня Віталь Рахленка ад’ехаў у Швэцыю і кажа, што жаданьня вяртацца назад пакуль ня мае.

(Рахленка: ) “Дачка, якую мы назвалі Аляксандрай, нарадзілася ў Швэцыі. Калі ёй споўніцца 18 гадоў, яна будзе мець магчымасьць выбіраць паміж трыма грамадзянствамі: маім беларускім, украінскім жонкі ці швэдзкім, дзе яна нарадзілася”.

(Карэспандэнт: ) “Вы застаяцеся так надоўга, што ў дачкі будзе магчымасьць выбіраць?”

(Рахленка: ) “Дзе будзе лепш для нашай сям’і, дзе будзе лепей працаваць, дзе будзе нашая сям’я адчуваць сябе больш камфортна, там мы і будзем жыць. Дарэчы, Швэцыя, самі швэды паводле мэнталітэту нагадваюць Беларусь і беларусаў. І там ня так цяжка жыць у мэнтальным пляне, як у Нямеччыне, Злучаных Штатах ці той жа Вялікабрытаніі”.

Афіцыйныя ўлады заяўляюць, што Беларусь робіцца ўсё больш прывабнай краінай для замежнікаў, якія хацелі б атрымаць тут від на жыхарства. Аднак статыстыка сьведчыць пра іншае. У такой самай 10-мільённай Швэцыі штогоду разглядаюць некалькі дзясяткаў тысяч хадайніцтваў замежнікаў. Так, у 1996 годзе прытулак у Швэцыі атрымалі 80 тысяч чалавек (перадусім, з пасьляваенных Балканаў). У далейшыя гады колькасьць была не такой вялікай, але колькасьць па-ранейшаму ідзе на тысячы.

Многія грамадзкія дзеячы паехалі зь Беларусі перадусім з палітычных прычынаў. Уцекачом у ЗША стаў экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі. Фінляндыя прытуліла актывіста рабочага руху Лявона Садоўскага. Рашэньня ўладаў Нарвэгіі чакае паэт Славамір Адамовіч. У Нямеччыне атрымалі дазвол на жыхарства былы начальнік сьледчага ізалятару №1 Алег Алкаеў, а таксама сем’і Юрыя Захаранкі і Генадзя Карпенкі. У Бэльгіі на правах уцекачоў – журналіст Алесь Сіліч і некаторыя актывісты моладзевых рухаў. Днямі прытулку ва Ўкраіне папрасіў выдавец ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч. Шмат апанэнтаў беларускіх уладаў чакаюць свайго лёсу ў Чэхіі і Польшчы.
XS
SM
MD
LG