Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч у Брусэлі: дэмакратыя неаддзельная ад незалежнасьці


Радыё Свабода Разам з А.Мілінкевічам у сустрэчах з прадстаўнікамі кіраўніцтва Эўразьвязу бярэ ўдзел В.Вячорка. Вось што ён паведаміў нашаму радыё.

(Вячорка: ) "Сёньня ў нас былі сустрэчы з кіраўніком Эўракамісіі сп. Барозу, з кіраўнікамі дзьвюх найбуйнейшых фракцыяў Эўрапарлямэнту, адпаведна, Эўрапейскай народнай партыі Гансам-Гердам Пётэрынгам і кіраўніком Партыі эўрапейскіх сацыялістаў Марцінам Шульцам. Была сустрэча зь віцэ-сьпікерамі Эўрапарлямэнту Яцкам Сарыюшам-Вольскім і Эдвардам Макміланам Скотам. Мяркуецца сустрэча з кіраўніком місіі міжнародных справаў Эльмарам Брокам і прадстаўнікамі кабінэту Хавіера Саляны, які цяпер адсутны.

Мэта нашага візыту – данесьці тую трывожную сытуацыю, якая сёньня паўстае ў Беларусі. Гэтая сытуацыя зьвязаная з крызісам як эканамічным, так і ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Мы імкнуліся данесьці гэтую пазыцыю да нашых суразмоўцаў. У прыватнасьці, напярэдадні паседжаньня так званай васьмёркі, але ў прынцыпе дзеля таго, што Эўразьвяз ёсьць найважнейшы палітычны чыньнік на эўрапейскім кантынэнце.

А.Мілінкевіч даносіў да ўсіх суразмоўцаў галоўнае пасланьне, што беларуская дэмакратычная пэрспэктыва неаддзельная ад зьберажэньня беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. І другое: беларускія дэмакратычныя сілы ў гэтай сытуацыі павінны быць успамаганыя, падтрымваныя сваімі эўрапейскімі аднадумцамі. Я вельмі ўсьцешаны, што літаральна паўгадзіны пасьля спатканьня сп.Мілінкевіча з Г-Г.Пётэрынгам ён на сэсіі Эўрапарлямэнту ўжо агучыў гэтыя нашыя тэзы пра неадлучную сувязь дэмакратыі і незалежнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG