Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У спадчыне Васіля Быкава самае дарагое – гэта ягоная грамадзянская пазыцыя"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 20 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Наша беларуская мова – гэта наша мова родная. З 1950-х гг., калі я яшчэ хадзіла ў школу, нам навязвалі расейскую мову. Прыехала з Расеі сям’я, якая вучыла нас рускай літаратуры і мове, а таксама гісторыі. Нам невядомая гэтая была мова, цяжка было на ёй гаварыць, але нас прымушалі, і мы, малыя дзеткі, мусілі былі паўтараць: “ть” – мякка і г.д. Русыфікацыя працягваецца і цяпер, да гэтага часу. Калі ты скончыў інстытут і размаўляеш на беларускай мове, ня вельмі цябе ў школу прымуць, табе скажуць “ідзі туды ці туды”, таму што ты гаворыш на беларускай мове. У нас у Квасоўцы школа беларуская, але там дзеці ўсе размаўляюць на расейскай мове, і настаўнік, які гаворыць на беларускай мове, там непатрэбны”.

“Мы павінны стаць на абарону Казуліна і ўсіх палітвязьняў, якіх пасадзілі ні за што. Мы павінны ўсе сабрацца на плошчы і выказаць сваё меркаваньне, запытаць, за што іх трымаюць у турмах. Колькі можна цярпець! Лічу, што мы, народ, павінны гэта самі зрабіць, без Мілінкевіча і астатніх лідэраў. Тлумачу чаму. Бо яны гэтых апошніх схопяць. Мы, людзі, будзем самі змагацца з гэтымі нягоднікамі, якія трымаюць, душаць людзей у турмах ні за што”.

(Міхал Рублеўскі: ) “Дзякуй спадару Лябедзьку за грунтоўны адказ на пытаньне аб тым, ці маюць аб’яднаныя грамадзяне намер прыйсьці да ўлады. Таксама хацелася б пацікавіцца ў прадстаўнікоў іншых партыяў, ці прадугледжваюць іхныя партыйныя праграмы прыход да ўлады, як галоўную першачарговую задачу, без вырашэньня якой немагчыма дасягненьне задэкляраваных у статутных дакумэнтах мэтаў”.

(Спадарыня, Магілёў: ) “Галоўная памылка галадоўкі “маладафротнаўцаў” у тым, што ня трэба было далучаць да акцыі непаўнагадовых дзяцей. Галадоўка – гэта марудны суіцыд. Таму асуджаць на такую акцыю дзяцей, нават калі яны на гэта самі пайшлі, нельга. Я разумею, рашыліся яны на гэтую акцыю стыхійна, ні з кім не параіліся, верагодна, ведалі, што іх будуць адгаворваць. Але, тым ня менш, акцыя прайшла не бяз выніку, як патлумачыў Зьміцер Дашкевіч, для ўлады акцыя была вялікай непрыемнасьцю. Так што можна ганарыцца нашай моладзьдзю. Хай Лукашэнка галадоўкай дакажа, што ён сумленна выйграў выбары 19-га сакавіка, набраўшы 83% галасоў выбаршчыкаў. Цікава, пратрымаўся б ён 20 дзён?”

(Уладзіслаў: ) “Мне дарагая творчасьць Васіля Быкава, дзякуючы ягонай грамадзянскай пазыцыі”.

(Спадар: ) “Слухаю, як нейкія хлопцы па 10-20 чалавек галадаюць. Дык няхай трохі пачакаюць. Вось выберуць пана Мілінкевіча альбо Зянона – і будуць мільёны галадоўнікаў, бо ўсё будзе панскае, зямля, лясы, і ні табе заробкаў, ні табе пэнсіяў – усё маё. Хіба так не было пры пане Пілсудзкім? Паны жылі, а мужыкі хадзілі ў лапцях ды сёрбалі зацірку. З прывітаньнем, лукашыст Уладак”.

(Спадар: ) “Сёньня ў Бычках сабраліся прыхільнікі таленту Васіля Быкава. І вось паклалі пачатак той традыцыі, па якой кожны год у гэты дзень будуць прыяжджаць людзі і ўшаноўваць памяць любімага пісьменьніка. Гэта былі людзі, якім неабыякавы лёс бацькаўшчыны, лёс творчасьці Васіля Быкава”.

(Мікалай Бельскі: ) “Вельмі патрэбна, каб на год раз 10-15 перадавалі кінафільм “Вечный зов”.

(Васіль Цюхай, Беразіно: ) “У спадчыне Васіля Быкава самае дарагое – гэта ягоная грамадзянская пазыцыя. Ён не баяўся казаць праўду, як пра ўладу, так і пра грамадзтва, якое ў асноўнай сваёй масе баіцца і падпарадкоўваецца. Васіль Быкаў быў чалавекам катэгорыі “адзін у полі ваяр”. Толькі той, хто можа выступіць адзін супраць усіх, у тым ліку і супраць непарушных ідэалаў, толькі такі чалавек становіцца духоўным лідэрам. І як бывае з усімі вялікімі людзьмі, аўтарытэты іхныя ўзрастаюць пасьля сьмерці. З Васілём Быкавым улада змагаецца і дагэтуль. А той, хто супраць духоўнага і сумленнага чалавека, раней ці пазьней прайграе. Пахаваньне Быкава выразна паказала, хто ёсьць хто ў нашай краіне”.

(Спадар: ) “Спыніце ўсякія галадоўкі і ўсякія бунты. Нічога гэта не дае. А Крысьціна Шацікава заплаціла чатыры мільёны з паловай – гэта дзьве тысячы даляраў. І гэта ўсё ідзе ў бюджэт міліцыі. Дык супраць каго яна змагаецца і ўсе іншыя?”

(Уладзімер: ) “Наконт апытаньня тыдня, што са спадчыны Васіля Быкава вам найбольш падабаецца. Мяне найбольш уразіла аповесьць “Кар’ер”, якая, дарэчы, вельмі рэдка ўспамінаецца крытыкамі. Той, хто прачытае гэтую аповесьць, пазнае беларуса, які трапіў у складанае становішча, і шляхі выйсьця з гэтага становішча. Таксама многія абставіны, якія былі тады, гэта лета пачатак восені 1941 году, сустракаюцца і цяпер у дзеяньнях грамадзкіх арганізацыяў, актывістаў і г.д. Вось гэта і цікава. А таксама тыя аповесьці, якія апавядаюць пра вайну. Гэта праўдзівыя аповесьці, ня тое, што расказвалі і цяпер расказваюць у школах. У яго можаш сапраўды даведацца, як адбываліся падзеі ў тыя часы”.
XS
SM
MD
LG