Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Шацікаву і яшчэ чатырох актывістаў дапыталі па крымінальнай справе


Радыё Свабода, Віцебск Адразу пасьля судовага працэсу, дзе Крысьціне Шацікавай быў вынесены прысуд адразу паводле трох артыкулаў адміністрацыйнага заканадаўства і накладзены штраф 150 базавых велічыняў, або 4 мільёны 650 тысяч рублёў, яе зноў затрымалі міліцыянты.

Дзяўчыну вывелі з будынка суду праз запасны ўваход і павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Туды ж неўзабаве прывезьлі яшчэ чатырох моладзевых актывістаў, затрыманых аналягічным чынам – пасьля абвяшчэньня пастановы ў Чыгуначным раённым судзе. Аштрафаваным на адну базавую велічыню Івану Бурыкіну і Сяргею Шабанаву міліцыянты сказалі, што ў райаддзеле неабходна падпісаць нейкія паперы. Па дарозе туды яны былі затрыманыя разам з сябрамі – Дзянісам Дзянісавым і Яўгенам Бабковічам.

У Кастрычніцкім райаддзеле ўсіх затрыманых дапыталі ў якасьці сьведкаў у крымінальнай справе. Што за справа, ім дакладна не патлумачылі. Як удалося даведацца праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, яна ўзбуджаная ў сувязі з распаўсюдам у горадзе ўлётак і расьцяжкі са словам “Бунт”.

Пасьля допыту ўсіх затрыманых адпусьцілі.
XS
SM
MD
LG