Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: "Асоба Васіля ня менш важная, чым творы, якія ён пакінуў"


Радыё Свабода Генадзь Бураўкін прымае ўдзел у он-лайн канфэрэнцыі Свабоды, прысьвечанай Васілю Быкаву.

Генадзь Бураўкін: "Галоўнае ў спадчыне Васіля – гэта, бясспрэчна, кнігі, якія ён пакінуў пасьля сябе. Але для тых людзей, якія добра яго ведалі, ня меншая спадчына – памяць пра яго як пра асобу. як пра выдатнага беларуса, і проста як пра чалавека, які мае поўнае права ўвасабляць сабой перад сьветам аблічча, вобраз беларуса. Бо калі ягоныя творы мае магчымасьць прачытаць, зразумець, ацаніць і ў душу сваю пакласьці практычна кожны, дык чалавечыя ягоныя якасьці, ягоны характар, ягоны мэнталітэт, эмацыянальны склад – ведаць выпала ня кожнаму. Бясспрэчна, гэта так ці інакш праглядаецца ў творчасьці, у ягоных аповесьцях, у ягонай публіцыстыцы. Усё гэта так, але асоба, даруйце за такое слова – "пабытовая" асоба Васіля ня менш важная і ня менш цікавая, чым творы, якія ён пакінуў. Адно ад другога адарваць нельга. Але, як кажуць, немагчыма цалкам прачытаць у кнігах вось гэты ягоны мяккі характар, і адначасна – характар унікальна прынцыповы, калі раптам гэты мяккі. усьмешлівы, ласкавы Васіль мог стаць абсалютна непахісным, абсалютна цьвёрдым... Прычым, гэта ўлічваючы, як ён абсалютна паважаў чужую думку, абсалютна шукаў у людзях, нават тых, якія былі яму вельмі несымпатычныя, шукаў нешта добрае, нешта вартае павагі. Гэта можна было ўбачыць, толькі блізка зь ім сышоўшыся. А ў гэтым пляне Васіль Быкаў быў ня самым лёгкім чалавекам. Ён сыходзіўся зь людзьмі вельмі ня проста, але калі ўжо сыходзіўся, дык быў надзіва адданы, надзіва ўважлівы і ласкавы чалавек. Хаця я разумею, што для ўсіх часоў і для ўсіх народаў галоўнае, што пакінуў Быкаў – гэта творчасьць. Творчасьць унікальная і па таленту, і па змаганьні за праўду сваім талентам, па дакладнасьці адлюстраваньні паводзінаў чалавека ў экстрэмальных умовах".
XS
SM
MD
LG