Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлерадыёкампанія будзе замяшчаць праграмы НТВ


Іна Студзінская, Менск У хуткім часе ў Беларусі зьявіцца яшчэ адзін нацыянальны тэлеканал замест расейскага. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі падпісала пагадненьне з каналам НТВ, і цяпер усе правы на перадаваньне НТВ на тэрыторыі Беларусі належаць Белтэлерадыёкампаніі. Што за гэтым стаіць, высьвятляла наша карэспандэнтка.

НТВ даволі доўга заставаўся адзіным агульнадаступным у Беларусі расейскім каналам, у праграмы якога Белтэлерадыёкампанія ня ўмешвалася. Праўда, аднойчы беларусы груба і бесцырымонна абышліся зь перадачай “Свабода слова”, якую вёў на НТВ Савік Шустэр. У наўпроставым эфіры тады завязалася вострая палеміка паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Анатолем Чубайсам. Што было далей, расказвае экспэрт у галіне тэлежурналістыкі, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Эдуард Мельнікаў:

(Мельнікаў: ) “Потым гэтую перадачу, якой амаль ніхто ня бачыў у Беларусі, таму што НТВ тады ішло толькі на Менск, перамантажавалі, уставілі беларускія фрагмэнты і гэтак далей... Парушылі вельмі груба аўтарскае права НТВ – і нічога! А потым і сам Савік Шустэр сышоў з НТВ, таму што НТВ зрабілася ўжо іншым – не такім, як было раней. Нават тое НТВ, якое цяпер, пры новых уладальніках, і тое непакоіць беларускія ўлады”.

Што да зьместу і ўмоваў пагадненьня паміж беларускім бокам і НТВ, то гэтай таямніцы кіраўніца прэсавай службы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская не раскрыла.

(Краскоўская: ) “У адпаведнасьці з дамовай мы маем права замяшчаць пэўны прадукт НТВ. Але я хачу адзначыць, што асаблівых зьменаў не прадбачыцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія праграмы будуць замяшчацца – фільмы ці навінныя блёкі?”

(Краскоўская: ) “Пакуль што праца толькі пачынаецца, зацьверджана праграма першага тыдня, так што сачыце за праграмай”.

На думку Эдуарда Мельнікава, БТ хоча трымаць пад кантролем эфірную прадукцыю апошняга “некранутага” расейскага каналу.

(Мельнікаў: ) “За гэтым стаіць імкненьне перакрыць інфармацыйную прастору Беларусі ад магчымага ўзьдзеяньня на сытуацыю ў краіне звонку. Такія пагадненьні павінны праходзіць грамадзкую экспэртызу, каб усе людзі мелі магчымасьць выказаць сваю думку, які прадукт яны хочуць бачыць: чыста расейскі прадукт ці з устаўкамі беларускага прадукту. Наагул, электронная журналістыка, дый папяровая ў сваёй большасьці, сталі такім прыдаткам уладных структур: яны вырашылі, яны і зрабілі”.

Чатыры гады таму, калі стваралася ОНТ, быў лёзунг “Не вместо, а вместе”. Цяпер ад ОРТ застаўся толькі адзін вечаровы выпуск навінаў. Вострых публіцыстычных праграмаў, да прыкладу, Паўла Шарамета, ток-шоў Уладзіміра Позьнера у Беларусі не паказваюць. Сэрыялы ідуць са спазьненьнем. На канале РТР можна бачыць праграму “Жесткий разговор” Аляксандра Зімоўскага... Цяпер Беларускае тэлебачаньне будзе фільтраваць і НТВ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG