Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне выдадзены раман выхадца зь Беларусі Леаніда Цыпкіна


Радыё Свабода У Нямеччыне выдадзены пераклад кнігі Леаніда Цыпкіна “Лета ў Бадэне”. Раман адразу ж выклікаў вялікі розгалас у нямецкіх чытацкіх колах. Нямецкая крытыка піша пра Цыпкіна як пра беларускага пісьменьніка і бачыць у ім глыбокага знаўцу іншага выдатнага пісьменьніка, зьвязанага паходжаньнем зь Беларусьсю, – Фёдара Дастаеўскага.

Кнігу “Лета ў Бадэне” заходнія крытыкі называюць самым невядомым геніяльным творам другой паловы XX стагодзьдзя. Яе аўтар патолягаанатам Леанід Цыпкін нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства і юнацтва ў Менску, у 1950 – 1970-х гадох жыў і працаваў у Ленінградзе, а ў 1982-м памёр у ЗША.

Галоўны герой твору Цыпкіна – вялікі расейскі пісьменьнік Фёдар Дастаеўскі, продкі якога паходзілі зь Беларусі, колішняй мяжы габрэйскай аселасьці. Ляйтматыў твору Леаніда Цыпкіна – горкае неразуменьне, як Дастаеўскі, вялікі чалавек, што тонка адчуваў пакуты людзей, абараняў прыніжаных і пакрыўджаных, не знайшоў аніводнага слова ў абарону габрэяў – гнаных на працягу тысячагодзьдзяў людзей, якіх нават ён нават не называў народам, а “племем”.

Леанід Цыпкін нарадзіўся ў Менску ў 1926 годзе, у сям’і мэдыкаў габрэйскага паходжаньня. У 1941-м, пасьля акупацыі роднага гораду фашыстамі, стаў сьведкам гібелі многіх сваякоў. 15-гадоваму хлопчыку цудам удалося выратавацца. Пасьля вайны юнак паехаў у Ленінград, каб атрымаць там мэдычную адукацыю. Гэты горад Цыпкін у першую чаргу асацыяваў з вобразам Дастаеўскага. Ён дасканала вывучаў мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём вялікага пісьменьніка, фатаграфаў іх, нават выпусьціў у Ленінградзе фотаальбом “Мясьціны Дастаеўскага”. Адначасна Цыпкін пачаў пісаць прозу, у тым ліку і раман “Лета ў Бадэне”. Творы пісаліся пераважна “ў шуфляду”. Урыўкі раману ўпершыню былі надрукаваныя ў ЗША ў 1982 годзе за некалькі дзён да сьмерці аўтара.

У рамане пераплятаюцца некалькі сюжэтаў. Першы сюжэт – аўтар кнігі едзе цягніком з Масквы ў Ленінград, чытае “Дзёньнік жонкі Дастаеўскага”, а потым наведвае апошнюю пецярбурскую кватэру пісьменьніка. У другім сюжэце апісваецца падарожжа Дастаеўскага і ягонай маладой жонкі за мяжу. Як лекар зь вялікім стажам Цыпкін дыягнастуе пэўныя мэдычныя праблемы вялікага пісьменьніка. Ён бачыць у Дастаеўскім закамплексаванага, унутрана вельмі прыніжанага чалавека, які ў сувязі з гэтым патаемна марыць прынізіць іншых і ўвесь час змушаны глыбока хаваць свае заганы.

Цікавая дэталь, якую падаюць нямецкія перакладчыкі раману. Ува ўсёй кнізе Цыпкіна ўсяго толькі 34 кропкі. Ягоная проза – бясконцая плынь сьвядомасьці –то аўтара, то жонкі Дастаеўскага, то самога Дастаеўскага. Нямецкім перакладчыкам хацелася захаваць аўтарскі сынтакс, але пры гэтым зрабіць кнігу зразумелай для немцаў. Ім прыйшлося для гэтага ўвесьці дадатковыя працяжнікі.

Дадамо, што творы Леаніда Цыпкіна таксама перакладзеныя на ангельскую і францускую мовы. У 2005 годзе “Лета ў Бадэне” выйшла ў Маскве. На радзіме Цыпкіна – у Менску – раман не выдаваўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG