Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Ці можа жанчына стаць прэзыдэнтам Беларусі?”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку за 20 чэрвеня.

Сёньня “Народная воля” ў рубрыцы “Відавочнае – неймавернае” абмяркоўвае пытаньне, ці можа жанчына стаць прэзыдэнтам Беларусі. Свае меркаваньні выказваюць вядомыя палітыкі, сацыёлягі, журналісты. На старонцы – фота намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч.

Праблемай для Беларусі называе “Народная воля” захаваныя ў зямлі боепрыпасы мінулых войнаў. Паводле выданьня, у апошнія дзесяць гадоў ад старых снарадаў 44 дзіцяці сталі калекамі, а 19 загінулі. А якую небясьпеку нясуць вайсковыя арсэналы? Адказы на пытаньне – у артыкуле “Выбуховая Беларусь”.

Як пачувае сябе Генадзь Бураўкін? Карэспандэнт “Народнай волі” сустрэўся з паэтам, у якога 11 траўня падчас размовы ў Міністэрстве юстыцыі здарыўся інфаркт. Інтэрвію мае загаловак: “Мяне ўсьцешыла, калі я ўбачыў, як многа людзей, для якіх я не чужы”.

Баранавіцкая газэта “Intex-press” інфармуе пра ход супольных беларуска- расейскіх вучэньняў на тамтэйшых палігонах. Паведамляецца, што прыкладна адна тысяча мясцовых мужчынаў пераапранутыя ў вайсковую форму так званых партызанаў і абслугоўваюць “вайну” самалётаў, танкаў і гарматаў.

“Бобруйский курьер” піша сёньня пра канфлікт гарвыканкаму з гандлярамі міні-рынку на вуліцы Дзяржынскага. Паводле газэты, улада патрабуе, каб амаль 600 уладальнікаў намётаў і шапікаў зьехалі з цэнтру гораду ў яго ваколіцы. Сярод аргумэнтаў такога уціску нібыта навядзеньне парадку да фэсту “Дажынкі-2006”.

“Газета Слонимская” зьмяшчае рэпартаж з урачыстасьці адзначэньня ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёну 200-х угодкаў з дня нараджэньня Міхала Валовіча. У 1833 годзе Валовіч арганізаваў на Слонімшчыне паўстанцкі аддзел зь некалькіх дзясяткаў чалавек і змагаўся супраць расейскага царызму. Далей – журналістка са Слоніму Яніна Мельнік:

(Мельнік: ) “Паўстаньне было задушана, а яго ўдзельнікі жорстка пакараныя. Міхала Валовіча павесілі ў Горадні. У 2000 годзе на Дзяды на былых уніяцкіх могілках моладзь паставіла крыж і мэмарыяльны знак. Крыж некалькі разоў вырывалі і кідалі ў раку Шчару”.

Са словаў Яніны Мельнік, сёлета памятны знак ізноў адноўлены. Гэта высокі мэталічны крыж і мэмарыяльная дошка.
XS
SM
MD
LG