Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў


Уладзімер Арлоў, Менск 19.6.1924, в.Бычкі, Ушацкі раён – 22.6.2003, Менск

У кожнага з нас ёсьць свае быкаўскія радкі, што нараджаюць у душы наймацнейшы водгук. Мяне, чалавека ня самага сэнтымэнтальнага, летась да сьлёзаў на вейках уразілі некалькі сказаў з надрукаваных у “Дзеяслове” аўтабіяграфічных “Пункціраў жыцьця”:

“Тады быў яшчэ малы, яшчэ да школы. Далей гародаў нікуды не хадзіў. І вось аднойчы старэйшы мой сябра Валодзя кажа: “Пайшлі на возера”. Пайшлі – праз парасьнікі, цераз роў... З гары адкрыўся цуд: лясное возера ўнізе, за ім лес на касагоры – прыгажосьць на ўсё жыцьцё...”

Напэўна, рэч у тым, што для мяне вобраз Радзімы й хараства таксама непарыўна зьвязаны зь лясным полацкім возерам.

Як тое возера прысутнае ў маім жыцьці ад часу, калі я пачаўся, як асоба, так і Васіль Быкаў, здаецца, прысутнічаў у маёй сьвядомасьці заўсёды. Прынамсі, з моманту, калі я адчуў сябе беларусам. Аднак сапраўднае адкрыцьцё Быкава як пісьменьніка глыбока нацыянальнага пачалося для мяне пасьля зьяўленьня ягонай аповесьці “Знак бяды” – твору, перапрашаю за міжвольны калямбур, бясспрэчна знакавага для нашае літаратуры.

Васіль Уладзіміравіч ня раз казаў аб тым, што яму блізкі экзыстэнцыялізм, асабліва раман Альбэра Камю “Чума”. Адрозна ад французкага калегі Быкаў, нягледзячы на моцную падтрымку Вацлава Гавэла і Чэслава Мілаша, ня быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй. Але ці была гэтая ўзнагарода зь яе сёньняшнім пахіснутым аўтарытэтам вартая Быкава?

Ён быў увасабленьнем адраджэньня Беларусі і сымбалем яе змаганьня з дыктатурай. Свае ўчынкі мы выпрабоўвалі пытаньнем: “А што скажа Быкаў?”

Ягонае пахаваньне тры гады таму ператварылася ў агульнанацыянальную маніфэстацыю, супроць якой улада аказалася бездапаможнай. Замежныя калегі казалі мне, што ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў нідзе ў Эўропе разьвітаньне народу з сваім пісьменьнікам не было такім шматтысячна-маштабным.

Адзін з заходніх крытыкаў назваў сыход Быкава апошнім уздыхам экзыстэнцыялізму. Мэтафара, далікатна кажучы, небездакорная: сьвет працягвае чуць магутнае дыханьне быкаўскае прозы. Днямі адбылася прэзэнтацыя перакладу ягоных прыпавесьцяў у Польшчы. Ува Ўкраіне рыхтуецца выданьне аповесьці “Мёртвым не баліць”. Пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е перакладае творы нашага генія на іўрыт...

Ува ўсе эпохі ўлада нязьмерна больш любіла не жывых, а мёртвых геніяў. Нашая няздатная нават на гэта. У Менску, як і ў Горадні і Віцебску, дагэтуль няма нават вуліцы Ягонага імя. Відаць, таму, што “нашая” ўлада ўсьведамляе: прыйдзе час, калі яе, у лепшым разе, мімаходзь згадаюць нядобрым словам. А Быкаў застанецца ў душах беларусаў навечна.

Сёньня, у дзень яго нараджэньня, я ўзгадваю нашую размову за некалькі дзён да сьмерці Васіля Ўладзімеравіча. Тады Быкаў прамовіў апошнія словы з сваёй “Доўгай дарогі дадому”: “Мой лёгас пэсымістычны, хаця душа мая прагне аптымізму”. Да болю шкада, што Быкава не было з намі ў гэтым сакавіку на пляцы імя Каліноўскага. Не, ён быў там – у абаронцаў намётавага мястэчка я бачыў яго кнігі.
XS
SM
MD
LG