Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адзначылі 82-ўгодкі Васіля Быкава (фота)


Галіна Абакунчык, Менск На Усходніх могілках Менску адбылася помная імпрэза з нагоды 82-угодкаў нараджэньня Васіля Быкава. Каля магілы пісьменьніка адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам вядомых беларускіх літаратараў, грамадзкіх дзеячоў, сваякоў і прыхільнікаў ягонай творчасьці.

Ускласьці кветкі, запаліць сьвечкі й прамовіць словы памяці прыйшлі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі й многія іншыя. Падчас кароткіх прамоваў удзельнікі імпрэзы ўзгадвалі якую вялікую ролю чалавека й пісьменьніка ў гісторыі беларускага народа меў і мае Васіль Быкаў. Гаворыць акадэмік Радзім Гарэцкі.

(Гарэцкі: ) “Ён заўсёды казаў, што трэба пісаць праўду й пісаў праўду. У гэтай прасторы хлусьні раптам такі промень сьвету праўды, як у Быкава. Калі прачытаеш, калі сутыкнесься з Быкавым – адчуваеш сябе чалавекам, сапраўдным і вольным”.

Гаварыў Радзім Гарэцкі. Праўда і Свабода – тыя жыцьцёвыя каштоўнасьці, якія сваім жыцьцём і сваёй творчасьцю сьцьвярджаў Васіль Быкаў. І каб знайсьці сваю свабоду, беларусам найперш патрэбна прачытаць Быкава – сказаў у сваёй прамове паэт Генадзь Бураўкін. А вось як выказаўся пра Васіля Ўладзімеравіча палітык Юры Хадыка.

(Хадыка: ) “Гэта крыніца свабоды, гэта сьветач свабоды. Хто чытаў хоць адзін ягоны твор, ведае. Што гэта пісаў чалавек у якога не было рабства ў сэрцы.

Гаварыў Юры Хадыка. Цягам дня да магілы пісьменьніка ішлі людзі. Яны ўскладвалі бел-чырвона-белыя кветкі й стужкі з прышпіленымі значкамі “За свабоду”. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода.

(Карэспандэнтка: ) “Вы прыйшлі да магілы Васіля Быкава адмыслова ў ягоны дзень народзінаў?”

(Юнак: ) “Так. Сёньня такі дзень – Дзе нараджэньня Васіля Быкава й мы вырашылі прыйсьці сюды, каб ушанаваць ягоную памяць”.

(Іншы юнак: ) “Падчас пахаваньня Васіля Быкава мяне не было ў Менску, я быў у ЗША й сёньня прыйшоў упершыню. Люблю творы Быкава, але ня ўсе чытаў, таму буду чытаць”.

(Іншы юнак:) “Творчасьць у яго цудоўная, але мяне яшчэ больш за ўсё уражвае ягонае жыцьцё. Ён сам як гэты помнік магутны не паддаўся націску нашых уладаў. І гэта мяне ўражвае найбольш”.

(Спадар: ) “Гэта наш чалавек, ён у крыві нашай. І пайшоў ён ад нас зараньне. Ён патрэбны ўсім нам беларусам”.

Помная імпрэзы ў памяць Васіля Быкава ў Беларусі адбываліся паводле ініцыятывы саміх яе удзельнікаў. Дзяржаўныя ўлады да ўшанаваньня памяці народнага пісьменьніка не спрычыніліся.







XS
SM
MD
LG