Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: асуджаных актывістаў зноў затрымліваюць каля судоў (абноўлены)


Радыё Свабода, Віцебск Як распавёў прысутны на судзе праваабаронца Павал Левінаў, Крысьціне Шацікавай, якая ўчора ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг над летнім амфітэатрам, толькі што быў вынесены прысуд: штраф памерам 150 базавых велічыняў, або 4 мільёны 650 тысяч рублёў. Пакаралі яе адразу паводле трох артыкулаў адміністрацыйнага заканадаўства – за хуліганства ў грамадзкім месцы, за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і за правядзеньне несанкцыянаванага пікету.

Напачатку судзьдзя Валянціна Міхасёва спрабавала высьветліць, ці не фігуруе ў справе незарэгістраваная сымболіка, аднак галоўны “рэчавы доказ” – сьцяг – міліцыянты не захавалі, проста скінуўшы яго з вышыні пад ногі мінакам.

Учора а палове на трэцюю дня Крысьціна Шацікава ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг на асьвятляльнай вежы каля летняга амфітэатру. Сьцяг убачылі сотні людзей, і сотні людзей назіралі за тым, як супрацоўнікі міліцыі і пажарнай службы здымалі дзяўчыну з вышыні. Дзяўчына прывязала сябе да парэнчаў, так што здымаць яе давялося гвалтам.

Затрыманьне праходзіла вельмі жорстка: напачатку спэцназаўцы некалькі разоў ударылі яе па галаве, потым угаворвалі зьлезьці, і ўрэшце рэшт зьвязалі рукі, замацавалі на ёй страховачны пас і пачалі спускаць уніз: адзін спэцназавец спускаўся ніжэй, трымаючы дзяўчыну за ногі, а другі, знаходзячыся зьверху, біў па галаве, не дазваляючы чапляцца рукамі за лесьвіцу.

Крысьціну спачатку завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел, а потым – у шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, бо яна пачувалася блага. У шпіталі ёй зрабілі ўкол ад высокага ціску.

Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў, сёньня перад пачаткам судовага працэсу ёй зноў зрабілася дрэнна.

(Левінаў: ) "Выклікалі ёй зноў “Хуткую дапамогу”. Зноў быў высокі ціск, 150 на 100. Мэдыкі сказалі, што ціск ёй зьнізілі".

Суд над Крысьцінай працягваецца ўжо 4-ю гадзіну.

Затрыманы заўчора моладзевы актывіст Іван Сьпірын таксама знаходзіцца цяпер у Кастрычніцкім раённым судзе Віцебску. Заўчора на яго быў складзены пратакол “за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі”, бо хлопец не дазволіў зрабіць агляд асабістых рэчаў, калі міліцэйскі патруль спыніў яго каля летняга амфітэатру.

У Чыгуначным райсудзе судзьдзя Бардзюкова толькі што завяршыла разгляд спраў затрыманых заўчора Івана Бурыкіна, Сяргея Шабанава і Яўгена Папковіча. Усіх трох моладзевых актывістаў міліцыя затрымала нібыта за дробнае хуліганства. Судзьдзя прызнала Яўгена Папковіча не вінаватым, а Івану Бурыкіну і Сяргею Шабанаву прысудзіла штрафы – па адной базавай велічыні, або па 31 тысячы рублёў.

Аднак праваабаронца Леанід Сьвецік паведаміў, што адразу пасьля суду хлопцаў ізноў затрымалі.

(Сьвецік: ) “Адразу пасьля працэсу хлопцам сказалі, што трэба зайсьці ў РАУС, каб падпісаць нешта ў журнале. І калі мы выйшлі з будынка суду, іх атачылі тры афіцэры і павезьлі ў Чыгуначны РАУС – гэта ідзе новае затрыманьне”.

Міліцыянты затрымалі разам з гэтымі актывістамі і іхнага сябра Дзяніса Дзянісава – прадстаўніка “Бунту”, які толькі сёньня даў інтэрвію Радыё Свабода пра мэты і задачы новага моладзевага ўтварэньня.

Толькі што моладзевыя актывісты праводзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня свайго сябра Івана Сьпірына, якому суд Кастрычніцкага раёну прысудзіў 15 сутак “за дробнае хуліганства” і “за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі”, бо хлопец не дазволіў зрабіць агляд асабістых рэчаў, калі міліцэйскі патруль спыніў яго каля летняга амфітэатру. Потым моладзь рыхтуецца паехаць у кастрычніцкі ды чыгуначны райаддзелы, каб даведацца пра далейшы лёс затрыманых Крысьціны Шацікавай, Дзяніса Дзянісава, Яўгена Папковіча, Івана Бурыкіна і Сяргея Шабанава.
XS
SM
MD
LG