Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ вырашае, ці выключыць Беларусь з сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Камітэт у справах Генэральнай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў Эўрапейскага зьвязу разгледзеў сёньня пытаньне аб рэкамэндацыі Эўрапейскай камісіі выключыць Беларусь з гэтай сыстэмы – канчатковае рашэньне ў гэтай справе, аднак, не было прынятае.

Пытаньне аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў разглядалася на ўнёсак буйнейшых міжнародных прафсаюзных арганізацыяў, якія абвінавачваюць беларускія ўлады перадусім у перасьледзе незалежных прафсаюзаў.

“Актывісты незалежных прафсаюзаў таксама былі сярод тых, хто выйшаў на вуліцы ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў – іх арыштоўвалі, білі і садзілі ў турмы”, – заявіў, абгрунтоўваючы зварот ў Эўрапейскую камісію ў гэтай справе, генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Гай Райдэр.

Між тым Дуглас Чарльстан, прадстаўнік дырэкцыі Эўрапейскай камісіі ў справе гандлю, заявіў нашаму радыё, што камітэт ў справах Генэральнай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў не прыняў сёньня канчатковага рашэньня што да Беларусі.

(Чарльстан: ) "Мы ня вырашылі яшчэ канчаткова, як паступіць у гэтай справе. Было абмеркаваньне, дыскусія, у выніку чаго было вырашана, што патрэбнае яшчэ адно спатканьне. Яно адбудзецца праз пару тыдняў".

Прыняць канчатковае рашэньне можа быць ня лёгка з увагі на яго наступствы для эканомікі. У выніку гэтага кроку, паводле падлікаў аўтарытэтнага выданьня “EU Observer”, беларускія экспарцёры, якія прадаюць свае тавары ў краіны Эўразьвязу, маглі б штогод траціць прыкладна 390 мільёнаў эўра.

Краіна выключаецца з Генэральнай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў праз 6 месяцаў пасьля таго, як рашэньне ў гэтай справе прыме Рада Эўрапейскага зьвязу на ўнёсак Эўрапейскай камісіі.

Сыстэмай прэфэрэнцыяў могуць карыстацца краіны, якія выконваюць правілы Міжнароднай арганізацыі працы, а ў Беларусі, паводле лідэраў міжнародных прафсаюзных арганізацыяў, гэтыя правілы парушаюцца, прычым сытуацыя, што да права на стварэньне незалежных прафсаюзаў, пагаршаецца.

Цягам больш чым 30-гадовай гісторыі існаваньня эўразьвязаўскай сыстэмы прэфэрэнцыяў, Брусэль пазбавіў права ільготнага гандлю з краінамі Эўразьвязу толькі адну краіну – гэта М’янма, былая Бірма, дзе быў усталяваны крывавы вайсковы рэжым.
XS
SM
MD
LG