Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі акцыі пратэсту выходзяць з галадоўкі


Любоў Лунёва, Менск Ад 29 траўня да 17 чэрвеня актывісты апазыцыі (у асноўным, сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”) трымалі галадоўку пратэсту, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Галадоўка пачалася ў Салігорску, а потым ахапіла іншыя гарады. У акцыі ўдзельнічалі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Апошнія трое сутак галадала дзесяць апазыцыянэраў. Цяпер маладафронтаўцы робяць захады, каб галадоўка мінімальна адбілася на іхным здароўі.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч трымаў галадоўку 16 сутак. Ён далучыўся да акцыі, як толькі выйшаў на волю пасьля адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна. Зьміцер распавёў “Свабодзе”, што акцыю лічыць удалай. Ён цяпер шмат часу праводзіць на вуліцы.

(Дашкевіч: ) “Мы лічым, што дадзеным мерапрыемствам мы вельмі моцна ўзьнялі тыя праблемы, якія нас, напрыклад, турбавалі вельмі моцна ў разьвіцьці беларускага грамадзтва. Кіраўніцтва “Маладога фронту” не плянавала гэтай акцыі. Гэта было спантаннае рашэньне актывістаў у рэгіёнах, якія палічылі, што больш ня маюць іншых магчымасьцяў даносіць свае погляды да людзей.

Ужываю сокі разьведзеныя, вотруб’е. Пачынаю патроху есьці бульбу, булёны”.

Наста Азарка зь Нясьвіжу галадала 12 сутак. 16 чэрвеня ёй выклікалі хуткую дапамогу, бо дзяўчына страціла прытомнасьць. Мэдыкі прапанавалі ёй спыніць удзел у акцыі. Маці Насты працуе ў шпіталі. Яна ставіць сваёй дачцэ кропельніцы.

(Азарка: ) “Зь ежы я пакуль ужываю дзіцячыя кашкі, булёнчыкі й паступова пераходжу на “дарослае” харчаваньне. Да мяса я яшчэ баюся падыходзіць. У асноўным гародніна звараная і працёртая. Кропельніцу мне мама толькі ўчора паставіла”.

Наста Азарка запэўніла, што яна гатовая зноў распачаць галадоўку, калі трэба.

16 чэрвеня былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч заклікаў галадоўнікаў ад імя аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі спыніць акцыю, бо непакоіўся за стан здароўя галадоўнікаў. Акцыю спынілі праз суткі. Нягледзячы на тое, што галадоўнікі не дабіліся, каб улады выканалі іхныя патрабаваньні, Аляксандар Мілінкевіч лічыць акцыю ўдалай.

(Мілінкевіч: ) “Сэнс — інфармацыйны. Зноў зьвярнулі ўвагу грамадзянскай супольнасьці Ўкраіны, зьвярнулі ўвагу міжнароднай супольнасьці на тое, што ў Беларусі ёсьць вялікія праблемы. Я лічу, што гэта было вельмі важна. Пісалі пра гэта ўсясьветныя агенцыі, і дарма гэта не прайшло. Упэўнены, што варта было. Іншая справа — ці працягваць галадоўку. Я лічыў, што трэба спыніць. Дзякуй ім, што трымалі галадоўку, бо пісала пра гэта ўся Эўропа”.

Удзельнікі акцыі галадоўкі кансультуюцца індывідуальна з мэдыкамі. Яны выходзяць з галадоўкі, выконваючы мэдычныя рэкамэндацыі.
XS
SM
MD
LG