Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Высяленьне пісьменьніцкай бібліятэкі адклалі яшчэ на тыдзень


Радыё Свабода Сёньня судовыя выканаўцы Гаспадарчага суду Менску перанесьлі яшчэ на адзін тыдзень прымусовае высяленьне бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Зь літаратурным фондам па-ранейшаму працуюць супрацоўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч паведаміў, што на сёньня ў кнігасховішчы Дома літаратараў захоўваецца амаль тысяча кніг Васіля Быкава — гэта першыя тры тамы збору твораў народнага пісьменьніка:

(Пашкевіч: ) “Ёсьць дакумэнты, што маскоўскае выдавецтва “Время” перадало нам гэтыя кнігі на часовае захаваньне для распаўсюду. Судовыя выканаўцы арыштаваць гэтыя кнігі ня маюць права”.

Раней Радыё Свабода паведамляла, што праект выданьня 14-томніка Васіля Быкава ажыцьцяўляе грамадзкая ініцыятыва “Воля народу”. Кіруе праектам прафэсар Аляксандар Казулін. Абвешчана, што трохтысячны наклад кожнага тому будзе перададзены ў бібліятэкі Беларусі.

(Пашкевіч: ) “За намі — наступны клопат: тры тамы, чацьверты, пяты і шосты, аддрукаваныя. Сёмы том — у распрацоўцы. Далей праца расьпісаная, нават нарыс жыцьця й творчасьці складаецца — гэта 14-ты том. Так што спакваля разам з распрацоўкай архіву Васіля Ўладзімеравіча ўкладаюцца наступныя тамы”.

Па зьвестках Алеся Пашкевіча, кнігі, якія Васіль Быкаў пры жыцьці падараваў бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, будуць захоўвацца ў былой урадавай, а цяпер прэзыдэнцкай бібліятэцы. Кіраўнік спраў Саюзу Анатоль Івашчанка ўдакладняе, што супрацоўнікі гэтай установы працуюць зь літаратурным фондам пісьменьнікаў і сёньня:

(Івашчанка: ) “Як мне падаецца, прэзыдэнцкая бібліятэка ў хуткім часе завершыць камплектацыю кніг, пачне вывозіць іх. Натуральна, усе кнігі заносяцца ў каталёг. На захоўваньне яны будуць перададзеныя па дамове”.

Нагадаю, што 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта — цяпер кіраўніцтва Саюзу мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.
XS
SM
MD
LG