Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка запоўненая вагонамі з калійнымі ўгнаеньнямі


Радыё Свабода Дзейнасьць салігорскага аб’яднаньня “Беларуськалій” спаралізаваная ўжо больш за тыдзень. У чаканьні аднаўленьня здабычы шахтары сядзяць дома, а на працу зьяўляюцца толькі дзяжурныя рамонтныя брыгады. Нязначную адгрузку прадукцыі ажыцьцяўляе толькі адзін з чатырох руднікоў.

Кіраўніцтва “Беларуськалію” адмаўляецца агалошваць любую інфармацыю пра дзейнасьць прадпрыемства. Шараговых работнікаў таксама трымаюць у інфармацыйным вакуўме. Былая супрацоўніца “Белкалію” спадарыня Кацярына чакае навінаў аб аднаўленьні працы руднікоў зь ня меншым інтарэсам, бо ўсе вэтэраны “Белкалію” дагэтуль мелі ад прадпрыемства адчувальную дапамогу.

(Кацярына: ) “Працуе чацьвёрты руднік — дзе я колісь працавала. Адгрузка ідзе, але, канечне, надзвычай малая. Я цікавілася ў адной нашай работніцы, дык яна пацьвердзіла: патроху адпраўляем. Але, шчыра кажучы, сытуацыя жахлівая. Людзі атрымлівалі нядрэнныя грошы, усё было вельмі нармалёва, пакуль не былі парушаныя ўсе дамоўленасьці. Цяпер кажуць, што нейкая пэўнасьць зьявіцца дзесьці ў жніўні. А цяпер выпраўляюць у адпачынак сваім коштам, выкручваецца начальства як можа. Звальняцца ніхто пакуль ня думае. Размаўляла з жанчынай: нікуды не сыходзіце? А куды, адказвае, пойдзеш? На дзьве траціны заробку — і тое сядзець будзем. Бо абсалютна нідзе лепш не ўладкуесься. Так што будуць сядзець і будуць чакаць”.

Віктар Бабаед у сыстэме “Белкалію” адпрацаваў паўтара дзясятка гадоў, доўгі час узначальваў беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў. Кажа, што і гэтымі днямі прадстаўнікі аб’яднаньня зьвярталіся да яго па кансультацыі — як жыць далей? У гэтым зьвязку спадар Бабаед перакананы: паколькі крызіс цалкам спарадзіла кіраўніцтва краіны, то і вырашаць яго трэба на найвышэйшым узроўні. Былога прафсаюзнага лідэра я злавіў па дарозе з Масквы. Ён расказаў, што цягам паездкі лічыў праз шыбу запоўненыя салігорскім каліем “таварнякі”.

(Бабаед: ) “Калі я ехаў да Масквы, то ўся чыгунка да Асіповічаў забітая вагонамі “Беларуськалію”. Яны стаяць. Бо куды ж яны будуць рухацца, калі партовыя склады заваленыя, склады ўласна “Белкалію” запоўненыя, а цяпер і поўныя вагоны стаяць”.

(Карэспандэнт: ) “Такая сытуацыя ўзьнікла ўпершыню за апошнія гады?”

(Бабаед: ) “Гэта наўпрост зьвязана з тым, што галоўны мысьліцель нашай краіны вырашыў усіх навучыць, як трэба гандляваць з Захадам. Але калі ён ня ведаў, дык павінен быў ведаць: усе рынкі паміж вытворцамі калію падзеленыя. Ёсьць кампаніі, якія працуюць на гэтым рынку і да якіх даведзеная адпаведная квота рэалізацыі калію на міжнародным рынку. Таму што ў сьвеце вельмі значная перавытворчасьць калію. І асабліва ў Канадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Пакуль будзе заставацца такая няпэўнасьць, яна наўпрост адаб’ецца і на заробках людзей?”

(Бабаед: ) “Вядома ж. І да тых заробкаў, якія былі, вярнуцца будзе ўжо вельмі цяжка. А як пабудуць на кіслай капусьце, дык успомняць і пра астатніх. Але што будуць рабіць у гэтай сытуацыі — ня ведаю”.

На загад Аляксандра Лукашэнкі адшукаць рэзэрвы для павелічэньня валютнага прытоку кіраўніцтва Беларускай калійнай кампаніі падвысіла экспартныя кошты калійных угнаеньняў у сярэднім на 40 даляраў за тону, давёўшы іх да 245 даляраў. Галоўны пакупнік калію, Кітай, адмовіўся падпісваць на такіх умовах новы кантракт і пачаў купляць угнаеньні ў Канадзе й Расеі.

Такім чынам, перад “Белкаліем” паўстала рэальная пагроза страты асноўнага пакупніка, якому летась было адгружана больш за 2 мільёны тонаў прадукцыі ад здабытых 7 мільёнаў. Як паведамілі ў Міністэрстве статыстыкі і аналізу, аб’ём вытворчасьці калійных угнаеньняў у траўні 2006 году на “Беларуськаліі” зьнізіўся амаль на 50% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2005 году.
XS
SM
MD
LG