Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго аб’яднала арганізацыя “Бунт”?


Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі пачаў дзейнічаць наваствораны моладзевы рух, які ў Віцебску прэзэнтаваў сябе пад назвай “Бунт”.

Мінулай ноччу ў Віцебску зьявіліся графіці “Бунт”, на даху тэатру імя Якуба Коласа была вывешаная расьцяжка са словам “Бунт”, у горадзе распаўсюджваліся ўлёткі з надпісам “Бунт” і заклікам далучацца да негвалтоўнага супраціву і змаганьня за свабоду Беларусі. Актывісты таксама спрабавалі вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг ля амфітэатру. Некаторыя ўдзельнікі гэтых акцыяў былі затрыманыя.

Адзін з актывістаў руху 27-гадовы Дзяніс Дзянісаў патлумачыў, што назва “Бунт” — проста заклік, і ў працэсе дзейнасьці ён можа мяняцца. Паўстаў моладзевы рух пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

(Дзянісаў: ) “Проста было многа людзей новых, зусім не заангажаваных, былі людзі, якія хацелі нешта рабіць неяк па-іншаму, больш актыўна. Мы вырашылі актывізаваць беларускае насельніцтва, сказаць, што выбары былі сфальшаваныя й ня трэба чакаць пяць гадоў, бо ў нас няма легітымнага прэзыдэнта. Трэба падымацца!”

Паводле спадара Дзянісава, акцыі будуць ладзіцца ва ўсёй Беларусі — ня толькі ў буйных гарадах, але і ў вёсках. Ён адзначыў, што актывісты “Бунту” ў значнай ступені пазытыўна ставяцца да грамадзянскай кампаніі “За свабоду”, але нэўтральна — да палітычнай.

(Дзянісаў: ) “Я не хацеў бы, каб мяне зьвязвалі ў дадзеным выпадку з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Я, да прыкладу, сябра АГП, але гэта не азначае, як некаторыя гавораць, што я – казырная карта Лябедзькі. Таму што нас падтрымліваюць розныя лідэры і ў нас мэта адна. Проста мы хочам больш актыўных дзеяньняў”.

Паводле Дзяніса Дзянісава, наваствораны рух аб’яднаў сяброў былога моладзевага руху “Зубр”, які пасьля выбараў, у траўні, заявіў, што перапыняе дзейнасьць пад сваім брэндам, а таксама “Маладога фронту” і маладых актывістаў-дэмакратаў. Але да яго далучылася значная колькасьць новых людзей. Ці пяройме “Бунт” мэтады дзейнасьці “Зубра”?

(Дзянісаў: ) “Мэтады “Зубра” — я б проста да іх не прывязваўся. Мы будзем дзейнічаць сваімі мэтадамі. Я думаю, што тут трэба карыстаць любы спосаб узьдзеяньня. Наша задача асноўная — змабілізаваць непасрэдна насельніцтва”.
XS
SM
MD
LG