Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча адзначыла 30-ю гадавіну страйкаў супраць камуністычнай улады


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы адзначылі 30-ю гадавіну рабочых страйкаў, у выніку якіх у краіне паўстала арганізаваная апазыцыя супраць камуністычных уладаў, што мела ўплыў на стварэньне “Салідарнасьці” і ўрэшце падзеньне рэжыму.

У чэрвені 1976 году прэм’ер-міністар ПНР Пятро Ярашэвіч аб’явіў пра намер ураду значна падвысіць цэны прадуктаў харчаваньня – некаторых нават удвая. У адказ тысячы рабочых з варшаўскага трактарнага заводу “Урсус”, а таксама з гарадоў Плоцк і Радам спынілі працу, а калі ўлады загадалі ім вярнуцца на працоўныя месцы, перакрылі чыгуначныя шляхі, а ў Радаме – падпалілі будынак ЦК ПАРП.

(Удзельнік страйку: ) “Пад вечар супрацоўнікі спэцслужбаў пачалі выцягваць нас па адным, адрываць ад рэек і рэшты страйкоўцаў, адразу арыштоўвалі”, кажа адзін з удзельнікаў страйку.

Ужо ў першы дзень пратэстаў, улады адмовіліся ад падвышэньня цэнаў, але на здушэньне страйку былі кінутыя тысячы міліцыянтаў з вадамётамі, дубінкамі і газам. Сотні страйкоўцаў сядзелі ў вязьніцах, пазбавіліся працы.

Паводле дасьледчыкаў, галоўным вынікам страйку былі не старыя цэны на харчы, але тое, што ў Польшчы паўсталі першыя незалежныя арганізацыі – Камітэт абароны рабочых і Рух абароны правоў чалавека і грамадзяніна, якія пачалі актыўна дапамагаць ахвярам рэпрэсіяў і зь якіх нарадзілася пазьней “Салідарнасьць”. Гісторык Ежы Айзнэр:

(Айзнэр: ) “Гэтыя пратэсты мелі значна шырэйшы кантэкст – сацыяльны, культурны, рэлігійны. Людзі стаміліся ад несправядлівасьці”.

У Камітэце абароны рабочых працавалі такія вядомыя цяпер палякі, як Багдан Барусэвіч ці Адам Міхнік.

Гэтымі днямі ў розных месцах Польшчы, зьвязаных з падзеямі чэрвеня 1976 году, адбываюцца ўрачыстыя мітынгі і набажэнствы. Адметна, што напярэдадні былі прад’яўленыя першыя абвінавачаньні тым міліцыянтам, якія катавалі ўдзельнікаў страйку 30 гадоў таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG