Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Крысьціну Шацікаву будуць судзіць за бел-чырвона-белы сьцяг


Радыё Свабода, Віцебск Сябры і знаёмыя Крысьціны чакаюць, куды яе прывязуць са сьледчага ізалятару: у Кастрычніцкі РАУС або ў суд Кастрычніцкага раёну, бо ніхто зь міліцыянтаў дакладна ня кажа, дзе будзе праходзіць судовы працэс. Дзяўчыну будуць судзіць за тое, што ўчора а палове на трэцюю дня яна ўзьлезла на асьвятляльную вежу каля летняга амфітэатру ды ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг. Яна зрабіла гэта на вачох у соцень мінакоў і не зьбіралася ўцякаць нават тады, калі сьцяг заўважыла міліцыя: да прыезду міліцэйскіх і пажарных машын яна пасьпела прывязаць сябе да парэнчаў, так што здымаць давялося гвалтам.

Затрыманьне Крысьціны праходзіла вельмі жорстка: спэцназаўцы напачатку некалькі разоў ударылі яе па галаве, а потым зьвязалі рукі, замацавалі на ёй страховачны пас і пачалі спускаць уніз. Адзін спэцназавец трымаў яе за ногі, а другі, знаходзячыся зьверху, не дазваляў чапляцца рукамі за лесьвіцу ды біў па галаве.

Пасьля допыту ў пастарунку дзяўчыну давялося весьці ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, дзе ёй зрабілі ўкол ад высокага ціску. Рэшту ночы яна правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле папярэдніх зьвестак, суд над Крысьцінай Шацікавай распачнецца а 14-й гадзіне.

Гл. таксама: Поўны тэкст онлайн-канфэрэнцыі з Крысьцінай Шацікавай
XS
SM
MD
LG