Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці перамаглі на міжнароднай алімпіядзе па турэцкай мове


Любоў Лунёва, Менск 13-цігадовая Ксенія Жук перамагла ў конкурсе песьні, 17-гадовая Аліна Прыхадоўская – у конкурсе малюнку, а Яўген Грыневіч заняў другое месца ў конкурсе граматыкі турэцкай мовы. У алімпіядзе ўдзельнічалі дзеці з 84 краінаў сьвету, і ўпершыню сярод іх былі беларусы. Ксенія Жук і Аліна Прыхадоўская вучацца ў гімназіі і школе, а Яўген Грыневіч – навучэнец Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Нашая карэспандэнтка павіншавала пераможцаў алімпіяды і іхных бацькоў.

Міжнародная алімпіяда па турэцкай мове праходзіць чацьверты раз. У ёй удзельнічаюць дзеці з 84 краінаў сьвету. Алімпіяда па турэцкай мове адзначалася як нацыянальнае сьвята Турэччыны. Дзеці выступалі ў некалькіх конкурсах. 13-гадовая Ксенія Жук, вучаніца 17-й менскай гімназіі, выконвала песьню па-турэцку і заняла першае месца. Дзяўчына раней ніколі не давала інтэрвію. Яна сказала некалькі словаў “Свабодзе”:

(Ксенія: ) “Гэта вельмі прэстыжна, калі ты прадстаўляеш сваю краіну. Тое, што я стала першай, было для мяне вельмі нечаканым. Мяне ўсе віншавалі, хацелі паціснуць руку. Цяпер, калі я іду недзе па вуліцы, шмат людзей азіраюцца і пытаюцца: “Гэта ты была першай?”

Маці Ксеніі Натальля Жук не чакала такога выніку:

(Жук: ) “Нам вельмі прыемна. Нават не хапае словаў, каб выказаць усе нашыя эмоцыі”.

Дзеці сустракаліся з кіраўніком ураду Турэччыны. Для іх ладзяць экскурсіі па краіне. Урад Турэччыны накіраваў падзякі ў беларускія Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі за добра падрыхтаваных дзяцей, якія перамаглі на алімпіядзе. Яўген Грыневіч заняў другое месца па граматыцы турэцкай мовы. Ён вучыцца ў гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які ад 2003 году знаходзіцца ў нелегальных умовах. Чыноўнікі міністэрства зьліквідавалі ліцэй з фармулёўкай “дзеля аптымізацыі навучальнага працэсу”. Ліцэісты дагэтуль ня маюць свайго будынку. Яўген Грыневіч гаворыць, што яму асабіста няма за што дзякаваць чыноўнікам Міністэрства адукацыі:

(Яўген: ) “Вельмі насамрэч прэстыжны конкурс. Ён падтрымліваецца турэцкім урадам. Я толькі хачу падзякаваць той арганізацыі, якая нас накіравала. Гэта “Достлук”. А мне асабіста Міністэрству адукацыі дзякаваць няма за што. Хачу падзякаваць сваім выкладчыкам ліцэйскім, таму што такіх, як яны, няма нідзе”.

Бацька Яўгена Юры Грыневіч пашкадаваў, што ў сёньняшняй Беларусі ня можа быць аналягічнай алімпіяды:

(Грыневіч: ) “Ёсьць чаму павучыцца. Такое сьвята ў іх, столькі народу! Нацыянальнае сьвята. Усё кіраўніцтва краіны, вядомыя палітыкі, вядомыя людзі. Такое… шоў. Яны ганарацца гэтым. Па ўсіх краінах распаўсюджваюць сваю мову. А нашы, як кажуць, сваю занядбалі”.

Работа Аліны Прыхадоўскай заняла першае месца ў конкурсе малюнкаў. Аліна прадставіла тры малюнкі, і яны ўсе былі намінаваныя на тры першыя месцы. Нарэшце журы абрала адзін: маленькая дзяўчынка трымае ў руках рыбу, а побач зь ёй стаіць сабака і нюхае гэтую рыбу. Аліна скарысталася зьмяшанай тэхнікай: акрыл, папера і нарэзаныя кавалкі мапы.

(Прыхадоўская: ) “Сэнс у тым, што кожны з нас зьяўляецца часткай сьвету. Дружба, талерантнасьць. Узнагароджаньне пераможцаў адбывалася ў вельмі прыгожай залі. У Стамбул прыехалі 45 тэлеканалаў з усіх краінаў сьвету”.

Дзяцей на алімпіяду рыхтавалі прадстаўнікі турэцкай арганізацыі “Достлук”, якую ўзначальвае Ішан Дылексі. Каардынатар “Достлук” Адэм Уста паведаміў “Свабодзе”, што яго не зьдзіўляе перамога дзяцей зь Беларусі:

(Уста: ) “Тут дзеці вельмі таленавітыя. Вось гэтыя таленты і даюць свае вынікі”.

28 чэрвеня на стадыёне “Дынама” адбудзецца канцэрт турэцкага сьпявака Тархана. На гэтым канцэрце заплянаваны выступ пераможцы алімпіяды Ксеніі Жук.
XS
SM
MD
LG