Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне “Свабоды”: ці спраўджвае футбольны чэмпіянат сьвету чаканьні?


Радыё Свабода, Менск У Нямеччыне працягваецца чэмпіянат сьвету па футболе. На гэты момант выхад у 1/8 фіналу гарантавалі сабе сем зборных – Нямеччыны, Эквадору, Англіі, Аргентыны, Галяндыі, Партугаліі і Бразыліі. Ці спраўджвае чэмпіянат сьвету вашыя чаканьні і якім камандам вы сымпатызуеце? На гэтыя пытаньні адказваюць жыхары Менску.

(Спадар: ) “Спраўджвае. Хто ўразіў? Зборныя Нямеччыны і Швэцыі. Цікавай гульнёй. За швэдаў хвалююся, каб іх не пабілі. Што цікавага? Тое, што Бразылія ня дойдзе да фіналу. А яшчэ – мала прадказальных вынікаў. Трынідад і Табага ўразіў абарончай гульнёй на ўтрыманьне нічыёй. Гана дэманструе сваю клясу. Усё прадказальна...”

(Спадар: ) “Нечаканым, непрадказальным было тое, што Чэхія так кепска згуляла. Незадаволены я гульнёй Аргентыны дый Бразыліі... Я, праўду кажучы, за чэхаў перажываў... А глядзець цікава!”

(Спадар: ) “Апраўдвае! Рэч у тым, што ў мяне тры тэлеканалы, мне цяжка пераключацца. А так бы я ўсё запар глядзеў! Я балею, у прынцыпе, за Бразылію, але вельмі спадабалася Аргентына. А вось грубая гульня італьянцаў зусім не па душы. Падарунак падкінула тая ж Гана, якая перамагла чэхаў. Арганізацыя чэмпіянату вельмі добрая. Немцы малайцы! Але нам няшмат паказваюць з таго, што адбываецца за футбольным полем, як там людзі адпачываюць і заўзеюць. Былі б грошы, дык сам бы паехаў туды!”

(Спадар: ) “Непрадказальны гэты чэмпіянат. Каманда Італіі ня так сябе паказвае, як трэба. Затое зборныя Нямеччыны і Аргентыны добра гуляюць. Я лічу, гэта самыя дастойныя каманды”.

(Хлопец: ) “У гульнях, я бачу, прадказальныя вынікі. Пераможца той, хто мацнейшы. Эўрапейскія і лацінаамэрыканскія каманды на галаву вышэйшыя за астатніх. Адзіны прамень сьвятла – гэта Гана. Я на ўкраінцаў спадзяваўся, але іх гульня з гішпанцамі, вядома, расчаравала...”

(Хлопец: ) “Якое ўражаньне ад чэмпіянату? Вельмі прыемнае! Такія моцныя каманды! Маленькія для вялікага футболу каманды – Эквадору, Ганы – дэманструюць той футбол, які павінны былі б паказваць Нямеччына, Італія, Францыя. І здаецца, што нейкая сэнсацыя на чэмпіянаце можа адбыцца. Сам я хварэю за Англію. Здаецца, што яна можа стаць чэмпіёнам. Такія самыя шанцы – у Ганы, Эквадору. Гэтыя каманды гуляюць у атакоўчы футбол. Будучыня – за відовішчам, за атакоўчым футболам. Я – за такі!”

(Спадар: ) “Спачатку, пасьля першай гульні, мне вельмі спадабалася Італія. Але пасьля матчу са Злучанымі Штатамі... яна ня мае права далей гуляць! Гана вельмі ўразіла. Малайцы!”
XS
SM
MD
LG