Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: спадарожнік “БелКА” ў космас не ляціць


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку за 19 чэрвеня.

Сёньня “Белгазета” паведамляе, што беларускі касьмічны спадарожнік “БелКА” пакуль што ў космас не паляціць. Апарат, старт якога плянаваўся на 28 чэрвеня, пераведзены ў рэжым захоўваньня. Падрабязнасьці – у рубрыцы “А хто б сумняваўся?”.

Чаму беларуска-расейская мяжа, якую называюць брацкай, ашчацінілася цяпер мытнымі пастамі? Гэтае пытаньне таксама дасьледуюць журналісты “Белгазеты”. Цытата нумару: “Адзіная мытная прастора марудна, але ўпэўнена ператвараецца ў такую ж фікцыю, як і саюзная дзяржава”.

У Беларусі вызначаны 9 цяплічных гаспадарак, якія маюць задаволіць попыт насельніцтва краіны на сьвежую гародніну. “Белгазета” інфармуе, што сума бюджэтнай дапамогі ім перавысіць 235 мільярдаў рублёў. “Калі такое фінансавае напампоўваньне сапраўды магчымае, то канкурэнцыю перадусім прайграе прыватнік”, – піша выданьне. Паводле “Белгазеты”, у Беларусі цяпер больш як 300 тысяч сем’яў атрымліваюць дадатковы прыбытак з гандлю агароднінай.

Ці варта беларускай апазыцыі ўдзельнічаць у мясцовых выбарах? Калі так, то якой павінна быць стратэгія і тактыка лідэраў палітычных партыяў і рухаў? Адказы на пытаньні – у сьвежым нумары тыднёвіка “Белорусы и рынок”.

Яшчэ адна аналітычная тэма газэты – абвастрэньне адносінаў між урадам Беларусі і Міжнароднай арганізацыяй працы. “Ці здольны беларускі бок адмовіцца ад уціску незалежных прафсаюзаў? Калі не, то краіну могуць выключыць з МАПу”, – паведамляе тыднёвік і нагадвае пра наступствы мажлівай ізаляцыі.

У ліпені ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя правілы выкарыстаньня асабістых сродкаў грамадзянаў у будаўніцтве жыльля. Журналісты газэты “Белорусы и рынок” разглядаюць розныя варыянты гэтай камэрцыйнай справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG