Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск адзначыў угодкі Васіля Быкава


Радыё Свабода, Віцебск 19 чэрвеня народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву споўнілася б 82 гады. Сёньня грамадзкасьць Віцебску і шматлікія госьці адзначылі ўгодкі вялікага пісьменьніка. Сьвята ў гонар Васіля Быкава адбылося ў гарадзкім парку “Мазурына”. А арганізавала яго абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы.

На сьвяце прысутнічалі і выступілі са словамі падзякі на адрас вялікага беларуса вядомыя літаратары, палітыкі, грамадзкія дзеячы. Прысутнічала на сьвяце і ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна.

Гаворыць Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Вельмі шчасьлівы, што ўдалося прыехаць. Часу заўсёды не хапае, але, думаю, на такое сьвята сам Бог загадаў. Васіля Уладзімеравіча ведаю па Горадні, хаця я тады зусім маладым быў, калі ён у нас жыў. Лічу, што гэта фігура для беларускай гісторыі апостальская. І гэта не высокія словы. Яны суразьмерныя зь ім. І ён для мяне і выдатны пісьменьнік, і грамадзкая асоба. Сапраўдны грамадзянін зь вялікай літары”.

З прадстаўнікоў уладаў на сьвяце прысутнічалі толькі работнікі міліцыі. Міліцэйскімі нарадамі былі перакрытыя ўсе падыходы да паркавай эстрады, дзе ладзілася дзея, абшукваліся заплечнікі мінакоў.

Гаворыць паэт Уладзімер Някляеў:

(Някляеў: ) “Калі мець на ўвазе тое, што тут адбываецца, а гэта, умоўна кажучы, адбываецца акцыя, яднаньне беларусаў зь Беларусьсю. Тут, дзякуй Богу, не ганяюць, але ходзяць вунь хлопцы ў сваёй апратцы, з дубінкамі і адпаведным загадам. Вось што яны тут робяць? Каго і ад чаго яны бароняць? І гэта не такое простае пытаньне, як здавалася: рэжым, мы, Быкаў… Не, гэта ізноў жа, усё глыбей палягае. Пра што якраз і думаў Быкаў”.

Пры канцы сьвята над натроўпам залуналі дванаццаць нацыянальных сьцягоў. Спробы міліцыі затрымаць тых, хто іх узьняў, былі марнымі, бо людзі атачылі міліцыянтаў шчыльным колам і тыя вымушаныя былі адысьці. Сёньня ж у цэнтры Віцебску на амфітэатрам быў узьняты вялікі-бел-чырвоны сьцяг. Міліцыя затрымала з гэтай нагоды Крысьціну Шацікаву і Тацяну Севярынец – маці вядомага палітыка.
XS
SM
MD
LG