Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску была затрыманая маці Паўла Севярынца Тацяна


Радыё Свабода, Віцебск Сямёра хлапцоў і дзяўчат міліцыянты затрымалі мінулым вечарам у раёне летняга амфітэатру, дзе актывісты новастворанага моладзевага руху “Бунт” раздавалі мінакам улёткі.

Ва ўлётках было напісана: “Беларусь – твой дом, а не стойла для хамскай улады! Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу. Хопіць баяцца і трываць! Нас шмат! Далучайся да негвалтоўнага супраціву! Дзейнічай у імя свабоды сваёй краіны!”

У некаторых затрыманых маладых людзей улётак не было, яны нічога не распаўсюджвалі і былі затрыманыя толькі таму, што выклікалі падазрэньні ў міліцыянтаў. Аднак усіх сямёх абвінавацілі ў распаўсюдзе апазыцыйных улётак. Адзін з затрыманых, Іван Сьпірын, паспрабаваў зьбегчы, аднак яго злавілі і ў пастарунку на яго быў складзены пратакол з вінавачаньнем у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Зараз спадар Сьпірын знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. У панядзелак, верагодна, над ім адбудзецца суд.

Апрача яго, у Кастрычніцкім РАУСе ўчора ўвечары апынуліся Кацярына і Алена Казак, Вераніка Носань, Аляксей Панасік, Кацярына Яловая і Дзяніс Дзянісаў. Спадара Дзянісава пасьля складаньня пратаколу адпусьцілі дахаты, а астатніх маладых людзей – жыхароў Менску –міліцыянты ўночы вывезьлі ў Воршу ды пасадзілі на менскую электрычку.

Некалькі моладзевых актывістаў зь Менску вырашылі застацца ў Віцебску да панядзелка, каб дачакацца суду над Іванам Сьпірыным. Трое зь іх – Тацяна Дзядок, Ільля Шыманскі і Міхаіл Шубач – былі затрыманыя позна ўвечары, калі яны пайшлі ў краму па прадукты на вячэру. Паводле іхных словаў, тры гадзіны яны мусілі правесьці у аддзеле міліцыі Віцебскага раёну. Потым іх адпусьцілі, не патлумачыўшы прычын затрыманьні і не складаючы пратаколаў.

Пасьля поўначы ў кватэру, якую маладыя людзі зьнялі на двое сутак, гвалтам уварваўся нарад міліцыі на чале з намесьнікам начальніка Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Аляксеем Шаховічам. Міліцыянты сказалі, што суседзі паскардзіліся на шум у кватэры і без ніякіх санкцыяў пачалі аглядаць асабістыя рэчы прысутных. Заявілі, што пад бальконам знойдзены пакет з паперамі, верагодна, улёткамі, і прапанавалі аднаму з маладых людзей, Мікіту Абраменку, паехаць у райаддзел для складаньня пратаколу. Аднак разам з ім выправіліся ўсе астатнія хлопцы і дзяўчаты, якія спісалі 10 старонак міліцэйскай “Кнізе скаргаў і прапановаў”, пратэстуючы супраць несправядлівага затрыманьня сябра і абвінавачаньня ў распаўсюдзе ўлётак.

Нарэшце Мікіту Абраменку адпусьцілі таксама. Але за час ягонага знаходжаньня ў пастарунку туды ж прывезьлі Івана Бурыкіна і Яўгена Папковіча. Хлопцаў затрымалі за балёнчыкі з фарбай, якія яны мелі пры сабе, бо на віцебскіх будынках ды платах мінулай ноччу зьявіліся новя графіці – словы “Бунт”. Паволе аповяду іхных сяброў, спадары Бурыкін і Папковіч таксама правялі рэшту мінулае начы ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Верагодна, што там яны застануцца да панядзелка.

А ў нядзелю каля трэцяй дня над тым месцам, дзе ўчора адбываліся масавыя затрыманьні моладзі – на адной з асьвятляльных вежаў амфітэатру—зьявіўся бел-чырвоны сьцяг. Яго ўзьняла Крысьціна Шацікава – вядомая ўдзельніца намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы.

Віцебскія мінакі, сабраўшыся навокал, назіралі, як міліцыянты залезьлі сьледам за дзяўчынай на вежу. Распавядае сьведка – дзяўчына, якая пажадала застацца невядомай.

(Дзяўчына: ) "Дзесьці ў 14.40 каля амфітэатру быў вывешаны сьцяг. Чалавек, які гэта зрабіў ёсьць ну проста героем Беларусі! Дзяўчына вельмі рызыкавала! Потым туды ж залез міліцыянт, пачаў біць яе па галаве. Дзяўчына вельмі страшна крычала! І той самы міліцыянт потым зьняў сьцяг, сьцяг ськінуў.”

Якраз тым часам, як сьцяг апынуўся на тратуары, побач ішлі бацькі вядомага моладзевага лідэра Паўла Севярынца спадарыня Тацяна і спадар Канстанцін. Тацяна Севярынец падняла сьцяг з-пад ног, да яе падскочылі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу, пасадзілі ў машыну ды павезьлі ў пастарунак.

Туды ж міліцыянты гвалтам даставілі й Крысьціну Шацікаву. Таксама ў пастарунку апынуўся і фотакарэспандэнт недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур''ер” Сяржук Серабро, які здымаў усе падзеі, зьвязаныя са сьцягам.

Патэлефанаваўшы зь міліцыі, ён паведаміў, што яго вінавацяць нібыта ў нейкім хуліганскім учынку.
XS
SM
MD
LG