Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: што са спадчыны Быкава для вас найбольш важнае?


Галіна Абакунчык, Менск Дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі рыхтуецца адзначыць угодкі нараджэньня Васіля Быкава. 19 чэрвеня народнаму пісьменьніку споўнілася б 82 гады. Васіль Быкаў пакінуў пасьля сябе вялікую творчую спадчыну, у тым ліку літаратурныя творы, публіцыстыку й успаміны. Што са спадчыны Васіля Быкава вам найбольш важнае? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Юначка: ) “Для мяне, напрыклад, важныя ягоныя творы, якія апавядаюць пра вайну. Яны прасякнутыя любоўю й бачна, што чалавек вельмі перажывае разам са сваім героем”.

(Спадар: ) “Быкаў для мяне перш за ўсё пісьменьнік, які пісаў пра вайну. Апісваў звычайных людзей і пісаў праўду пра іх. Шмат фільмаў было пастаўлена паводле ягоных твораў. Я зь дзяцінства памятаю гэта, і гэта самыя яскравыя ўражаньні”.

(Юначка: ) “Мне найбольш спадабаўся твор “Жураўліны крык”. Ён паказвае ўсю цяжкасьць жыцьця падчас вайны”.

(Карэспандэнтка: ) "Што са спадчыны Васіля Быкава для вас найбольш важнае?”

(Спадар: ) “Мяне вельмі ўразіў ягоны жыцьцёвы шлях. Зь якой складанасьцю ў цяжкія часы ён пісаў свае творы”.

(Спадарыня: ) “Ён вельмі шмат твораў напісаў цікавых: “Ляцяць жураўлі”, “Трэцяя ракета”. Пісаў пра чалавечыя адносіны, як цяжка тады жылося людзям, і гэта закранала душу. Хацелася чытаць ягоныя творы з задавальненьнем”.

(Спадар: ) “Гэта наш беларускі пісьменьнік, і ён вельмі праўдзівы. Не было яшчэ такіх пісьменьнікаў. І гэта ня патас, а проста народнае слова”.

(Юначка: ) “Нядаўна чытала “Жураўліны крык” Васіля Быкава. Але ўсе ягоныя творы вельмі ўражваюць. І сапраўды, Васіль Быкаў – адзін зь лепшых майстроў вайсковай тэматыкі”.

(Спадар: ) “Ведаю, што гэта вельмі вядомы беларускі пісьменьнік, і большасьць насельніцтва нашай краіны яго ведае й любіць. Я паважаю ягоную творчасьць і паважаю яго, як чалавека. І ягоную жыцьцёвую пазыцыю шмат у чым падтрымліваю”.

(Спадарыня: ) “Васіль Быкаў, ягоная незалежная думка, адрозная ад пазыцыі дзяржаўных уладаў, гэта вельмі ўражвае. І, дарэчы, найбольш запомніліся ягоныя творы пра вайну, але сучаснага пэрыяду: “Пакахай мяне, салдацік”, “Ружовы туман”, дзе ён яшчэ больш адкрыта паказвае сапраўдны твар вайны”.

(Спадар: ) “Са спадчыны Быкава дорага тое, што чалавек быў ужо ў гадах, але заўсёды думаў пра незалежнасьць Беларусі, каб Беларусь расквітнела, каб захавалася яе мова й культура. І гонар Беларусі, што такі вялікі пісьменьнік быў з нашага народу”.
XS
SM
MD
LG