Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 16 чэрвеня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Прывітаньне! Тэмы дня знаходзяць свой водгук у Сеціве амаль імгненна.

Карыстальнік zedlik у ЖЖ дзеліцца навіною: “Сёньня ў цэнтры Любліна на знак салідарнасьці зь Беларусьсю над гарадзкой ратушай узьняты бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг. Ініцыятыву люблінскай суполкі Зьвязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі ухваліў мэр гораду — Анджэй Прушкоўскі”.

На сайце www.belpa.org зьмешчаны здымак улётак, што былі расклеены на будынках, вокны якіх выходзяць на новы комплекс Нацыянальнай бібліятэкі. Ва ўлётках зьмешчана просьба не адчыняць вокны 16 чэрвеня ад 8 да 15 гадзіны, як сказана, “у мэтах Вашай бясьпекі”. Тут жа можна прачытаць: “Спэцслужбы не абмежаваліся толькі расклейкай папярэджваньняў. Людзі ў цывільным” прайшліся па кватэрах і пад роспіс жыхарам уручылі такія самыя ўлёткі”.

Ну і зусім сьвежы, сёньняшні анэкдот ад ЖЖ-карыстальніцы lippa: “Падыходзяць Пуцін, Ахмадзінэжад, Назарбаеў і Ху Цзінь Тао да мытніка ў аэрапорце Менск-2 і ветліва пытаюцца: “Не падкажыце, як прайсьці ў бібліятэку?”

На форумах tut.by нехта Цётухна распачала тэму “Анталёгія супэр асаблівай беларускай хлусьні”. Яна піша: “Беларуская хлусьня, пры ўсёй сваёй вычварнасьці, не выклікае даверу ні ў каго. Атрымліваецца нешта кшталту кругавой парукі: мы будзем вам хлусіць, вы будзеце рабіць выгляд, што нам верыце, а мы будзем рабіць выгляд, што верым, што вы нам верыце — і ўсім нам будзе шчасьце”.

Сайт www.buh.by. Там абмяркоўваецца тэма комплекснай фінансавай праверкі прадпрыемства. Вольга піша: “Адчуваньне пасьля праверкі — на мяжы аргазму, стомленасьць будзе надзвычайная, але цягам тыдню ўсе дакумэнты ў Вас будуць у ідэальным парадку, тое, чаго не хапала, адшукаецца. Канешне, фінансавых стратаў не пазьбегнуць. Але, калі падзяліць сумы штрафаў на колькасьць месяцаў, як жылі без праверак, атрымаецца ня так страшна”.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аБЛОГа”, Дзьмітры Падбярэскі, шчэ сустэнемся…
XS
SM
MD
LG