Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія дзеці ўзнагародзілі Віктара Шалкевіча Ордэнам усьмешкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Віктар Шалкевіч стаў сёлета кавалерам адзінага ў сьвеце ордэну, якім дзеці ўзнагароджваюць дарослых. Прэстыжны “Ордэн усьмеху”, якому ААН надала статус міжнароднай узнагароды, атрымалі раней, сярод іншых, Ян Павал Другі, Далай-лама, Астрыд Лінгрэн ці Стывэн Сьпілбэрг.

“Ордэн усьмешкі” ў выглядзе сонейка – гэта даволі элітарная ўзнагарода. За 37 гадоў існаваньня яе атрымалі каля васьмі соцень чалавек, большасьць зь якіх – добра вядомыя ў Польшчы і ўсім сьвеце грамадзкія і рэлігійныя дзеячы, палітыкі, творцы.

Віктар Шалкевіч, які атрымаў узнагароду “за частыя сустрэчы зь дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры”, даведаўся пра тое, што атрымаў узнагароду, ад нашага радыё.

(Шалкевіч: ) “Усе добрыя навіны прыходзяць з раніцы! Мне вельмі прыемна, канешне, што вы пазванілі і паведамілі мне пра гэта. Цешуся з гэтай узнагароды. Адначасова тут парадокс нейкі, што, практычна ўсё жыцьцё працуючы на ніве беларускай культуры, маю гэтую працу не заўважаюць на радзіме, а вельмі цэняць у суседзяў-палякаў”.

У часе цырымоніі ўручэньня Ордэну ўсьмешкі кавалер узнагароды павінен абавязкова выпіць шклянку цытрынавага соку, пры гэтым не скрывіўшы твар. Гэта яшчэ чакае Віктара Шалкевіча, а вось Эльжбэта Кавальчык, якая таксама стала сёлета ляўрэатам ордэну ў тым ліку і ў сувязі зь Беларусьсю, цытрынавы сок піла ўжо ўчора ў Кракаве.

Спадарыня Кавальчык шмат гадоў займаецца арганізацыяй мэдычнай дапамогі дзецям зь Беларусі, Украіны і Расеі, якія церпяць ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, а таксама пошукам сродкаў на складаныя апэрацыі для іх у Польшчы. Намінавалі яе на гэтую ўзнагароду менавіта беларускія дзеці.

“Ордэн усьмешкі – гэта вялікі гонар, але адначасова гэта заахвочвае да далейшай дзейнасьці. Спадзяюся, узнагарода дапаможа адчыняць усё новыя дзьверы да людзей, якія могуць дапамагчы”, – заявіла ў прысутнасьці дзяцей зь Беларусі Эльжбэта Кавальчык.
XS
SM
MD
LG