Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: агляд тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывіста апазыцыі са Шчучына Сяргея Ляшкевіча пераводзяць у Глыбоцкую турму. Суд над актывістамі “Партнэрства” адкладзены яшчэ на месяц. Выйшаў на волю лідэр маладзёвага руху Мікіта Сасім. Чаму Міколу Статкевіча не адпусьцілі дамоў на выходныя?

Мінус адзін, але і плюс адзін. Такім чынам, ніякай дынамікі не адбылося ў сытуацыі з палітычнымі вязьнямі ў Беларусі за мінулы тыдзень. 16 чэрвеня ў Баранавічах на волю выйшаў лідэр маладзёвага руху Мікіта Сасім, але днём раней атрымаў тры гады “хіміі” былы лідэр аршанскіх працаўнікоў Мікалай Разумаў, якога суд прызнаў вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.

У Беларусі па-ранейшаму за кратамі знаходзяцца 17 зьняволеных, якіх у сьвеце прызналі за палітычных вязьняў. Між тым, да гэтага сьпісу можа далучыцца актывіст апазыцыі са Жлобіну Эдуард Зелянкоў. Яго арыштавалі за надпісы на сьценах “Са свабоду!”, “За Мілінкевіча” і “Малады фронт”. Цяпер юнаку пагражае ад 6 месяцаў да 2 гадоў зьняволеньня.

Сярод тых, хто ўжо чакае суду – актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і Аляксандар Шалайка, якіх арыштавалі яшчэ ў лютым. Іх справа ўжо болей за два тыдні знаходзіцца на вывучэньні ў судзе. Чакалася, што працэс хутка пачнецца, але ў судзе паведамілі, што разгляд справы падоўжаны яшчэ на месяц. Менавіта такі ход падзеяў сваякі актывістаў не выключалі яшчэ тыдзень таму. Маці Эніры Браніцкай Віялета сказала Свабодзе пра судзьдзю Леаніда Ясіновіча, які будзе разглядаць справу:

(Віалята Браніцкая: ) “Судзьдзя цяпер на курсах падвышэньня кваліфікацыі, пасьля 18-га ў яго два тыдні адпачынку, а потым Цэнтральны суд будзе пераяжджаць у новы будынак”.

Такім чынам, падобна, што гэтыя зьвесткі праўдзівыя, між тым у судзе прычыну не называюць. Вось што сказаў з гэтай нагоды адвакат Павал Сапелка, які абараняе Цімафея Дранчука:

(Сапелка: ) “Шкада, што чалавек будзе сядзець лішні месяц. Гэта ўсё, што я магу пракамэнтаваць”.

Вядома, што ў справе “Партнэрства” 7 тамоў. Звычайна такія справы вывучаюцца за тыдзень-два.

Хутка год, як у Баранавічах адбывае “хімію” адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, якога пакаралі за арганізацыю мітынгу пратэсту супроць рэфэрэндуму 2004 году. Спадара Статкевіча за гэты час ніводнага разу не адпускалі дамоў, хаця закон дазваляе адпачынак для “хімікаў”. Днямі ў камэндатуры вязьня абнадзеілі, што на гэтыя выходныя яго адпусьцяць на некалькі дзён у Менск, аднак дазволу гэтак і не далі.

(Стакевіч: ) "Паводле лёгікі, мусілі вызваліць, але, відаць, дзейнічае стары загад не пускаць, і не лічыцца зь ім усе баяцца".

Апошнія дні адбывае ў гарадзенскай турме актывіст са Шчучына Сяргей Ляшкевіч, якога пакаралі пяцьцю месяцамі арышту. Але вызваляць на волю Сяргея Ляшкевіча яшчэ ня хутка – толькі ў сярэдзіне жніўня, а цяпер палітычнага вязьня пераводзяць у Глыбоцкую турму. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная маці Ірына Ляшкевіч.

(Ляшкевіч: ) “Сказалі, што ў каго тэрмін большы за месяц, таго пераводзяць. Гэтак паводле адваката. А яшчэ было спадзяваньне, што яго вызваляць датэрмінова, на ўмоўны тэрмін, але камісія не захацела”.

Нагадаю, Сяргея Ляшкевіча суд прызнаў вінаватым у падрыхтоўцы да тэрарызму. Супроць актывіста штабу Аляксандра Мілінкевіча сьведчыў чалавек, якога асудзілі за крадзеж будаўнічых матэрыялаў.
XS
SM
MD
LG