Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Валовіч


Уладзімер Арлоў, Менск 18.6.1806, маёнтак Парэчча (цяпер Слонімскі раён) — 2.8.1833, Горадня

У адзін з жнівеньскіх дзён 1833 году віленскі губэрнатар князь Далгарукаў дыктаваў сакратару рапарт у Санкт-Пецярбург. Там паведамлялася, што ў Горадні “со всей возможной торжественностью и при большом стечении народа” пакараны сьмерцю на шыбеніцы асабліва небясьпечны злачынца. Цела павешанага ўначы перавезьлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і ня сталася б месцам таемных набажэнстваў. Небясьпечны злачынца зваўся Міхалам Валовічам.

Нашчадак старажытнага ліцьвінскага роду, які даў Айчыне не адну выбітную асобу, выхаванец Віленскай alma mater, блізкі сябра славутых філяматаў і філярэтаў, у 1831-м ён разам зь лепшымі людзьмі краю ўзяў у рукі зброю. У чыне капітана кавалерыі Міхал ваяваў у паўстанцкім корпусе генэрала Гелгуда. Расейскі ўрад кінуў супроць змагароў блізу 150 тысячаў рэгулярнага войска…

Шмат каму з былых інсургентаў даў прыстанак Парыж. Там Валовіч стаў сябрам таварыства Літоўскіх і Рускіх земляў. Удзельнікі гэтай патрыятычнай арганізацыі лічылі, што паўстаньне 1830-31 гадоў скончылася паразай, бо ня мела “чалавекалюбівай мэты”. Дасягнуць дэмакратычнага і справядлівага грамадзкага ладу яны спадзяваліся праз агульнаэўрапейскую рэвалюцыю. Міхал Валовіч зь сябрамі ўступіў у шэрагі таемнага Інтэрнацыяналу карбанарыяў, які рыхтаваўся ў 1833-м распачаць усеагульны выступ супроць эўрапейскіх манархаў.

Лёзунгамі будучага паўстаньня на беларускіх землях былі канстытуцыя, надзяленьне сялянаў зямлёй, роўнасьць палітычных правоў. Валовіча, які належаў да прыхільнікаў абвяшчэньня Літвы-Беларусі дэмакратычнай рэспублікай, зацьвердзілі паўстанцкім начальнікам слонімска-наваградзкай акругі.

Пакінуўшы спакойнае жыцьцё ў Парыжы, ён праз два тыдні нелегальна дабраўся да роднай Слонімшчыны. Удвух з сваім намесьнікам Яцкевічам Міхал меў два рэвальвэры і 55 рублёў. Базаю партызанскага аддзелу зрабілася закінутая смалакурня ў адным з бацькавых фальваркаў. Праз колькі дзён у аддзеле налічвалася ўжо 11 шляхціцаў і сялянаў. Не дачакаўшыся сыгналу зь Вільні, Валовіч пачаў самастойныя дзеяньні. У адзін толькі Слонімскі павет улады сьцягнулі супроць дзясятка “бунтаўнікоў” болей за тысячу карнікаў…

Дакумэнты сьведчаць, што пры затрыманьні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. На допытах нікога з паплечнікаў не назваў. Сучасныя дасьледнікі здолелі дакладна вызначыць месца, дзе ён апошні раз бачыў неба. Яно знаходзіцца ў Горадні паміж вуліцамі Лідзкай і Белуша, Парахавым завулкам і праспэктам Касманаўтаў. Калі-небудзь там абавязкова зьявіцца помнік.

18 чэрвеня, у дзень 200-годзьдзя нараджэньня Міхала Валовіча, я раскажу пра яго сваім сынам.
XS
SM
MD
LG