Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 15 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага інтэрнэту.

“Дзе бы ні быў Мілінкевіч, Што б Казулін ні рабіў, Усё роўна Лазавік бы Лёгка іх перахітрыў! “

Гэтае чатырохрад’коўе – частка праекту “патрыятычная частушка” рэсурсу “Лімон” (www.limony.org). У разьдзеле “Пра нас” лімонаўцы так акрэсьліваюць місію свайго сайту: “Ад дыктатуры да дэмакратыі, бяз страху высьмейваючы слабыя бакі існай сыстэмы ўлады”.

На форумах парталу (TUT.by) абмяркоўваюць Чэмпіянат сьвету па футболе, і радуюцца ня толькі цікавым матчам. Карыстальнік jarash піша: “Нашы праўдзівыя беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі можна было ўбачыць у матчы Аргентына – Кот-Д''Івуар. Спадзяюся, гэта не ў апошнi раз на чэмпіянаце будзе. Прычым яго можна было ўбачыць даволі выдатна, таму што ён знаходзіўся ў сэктары з блакітнымі аргентынскімі сьцягамі і выглядаў вельмі кантрастна”.

Бацькам, чыім дзеткам прысьпеў час ісьці ў садок, варта зазірнуць на сайт “Нашыя дзеткі” ( dzietki.staronki.com ). Тут вы можаце адшукаць адказы на пытаньні пра пошук беларускамоўнай дзіцячай літаратуры, мультфільмаў, размалёвак, абмяняцца досьведам бацькоўства на форумах, ды шмат чаго іншага, зьвязанага зь дзеткамі, ды іхнымі бацькамі, якія гадуюць дзяцей у духу беларушчыны і здароўя.

Крыху пра беларускую мову ды інтэлектуальнае разьвіцьцё. Калі вы жадаеце ў беларускай мове авалодаць нюансамі гульні ў старажытную кітайскую гульню го, то вам на новаствораную старонку “Го ў Беларусі”. (http://weiqi.at.tut.by/) Зрэшты, задачы стваральнікаў сайту ня толькі спартовыя. “Гэты сайт створаны аматарамі Го, якія адначасова і аматары беларускай мовы. Яго задача – не абмежаваньне кола аматараў го ў Беларусі толькі беларускамоўнымі гульцамі, але наадварот, пашырэньне гэтага кола яшчэ і на беларускамоўных жыхароў нашай бацькаўшчыны ды папулярызацыя беларускай мовы ў го”, – піша ў звароце да наведнікаў аўтар праекту, які падпісваецца Сымонка Салавейка.

“Па беларускаму радыё перадавалі: Вы слухалі творы беларускіх кампазытараў, а зараз паслухайце музыку”, – гэты анэкдот з жыцьця, які разьмешчаны на сайце “Беларуская музыка”( http://classmusic.iatp.by ). Сайт прысьвечаны клясыцы, і месьціць ня толькі музычныя анэкдоты, але інфармацыю пра творцаў, ды музычныя фрагмэнты беларускай клясычнай музыкі. Тут можна паслухаць урыўкі ( http://classmusic.iatp.by/be/music_mp3.html ) такіх вядомых творцаў і праектаў, як “Полацкі сшытак”, Міхал Ельскі, Апалінары Концкі, Галіна Гарэлава, Аляксандар Літвіноўскі ды іншых.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG