Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў Беларусі пакажуць фільмы, зьнятыя мабільным тэлефонам


Севярын Квяткоўскі, Менск Калекцыя з дваццаці твораў рэпрэзэнтуе лепшыя працы бэрлінскага міжнароднага фэстывалю кароткамэтражнага кіно "Інтэрфільм". Усе стужкі маюць працягласьць паўтары хвіліны, за якімі перад гледачамі паўстануць карціны розных жанраў: ад фантастыкі ды індыйскай драмы да камэдыі і нават анімацыі. Паказ адкрываецца 16 чэрвеня ў менскім Доме кіно.

Мабільныя фільмы маюць усе атрыбуты прафэсійных поўнамэтражак. Стужкі адмантажаваныя, маюць саўндтрэкі і рэжысуру. Арганізатар імпрэзы зь нямецкага боку Валеры Канішчаў падкрэсьлівае, што падобны паказ – першы ва ўсёй былой Усходняй Эўропе. А ўпершыню падобная акцыя ладзілася ў 2004 годзе ў Бэрліне ў межах міжнароднага фэстывалю кароткамэтражнага кіно "Інтэрфільм". Цяпер у Беларусі рэпрэзэнтуюцца 20 лепшых работ, дасланых з 23 краін.

(Канішчаў: ) "Цікава, што як толькі я зрабіў заяўку на конкурс, адразу зь Беларусі, зь Менску ад розных моладзевых сэрвераў пасыпаліся прапановы на аналягічныя конкурсы, у тым ліку на зьнятыя фотаапаратамі. Я лічу, што гэта самае галоўнае ў гэтай акцыі. Бо мастацкую вартасьць гледачы ацэняць самі, а тое, што крэатыў прачнецца ў кожнага – гэта вельмі важна. Можа быць, сёньня некаторыя беларускія фільмы можна будзе паглядзець".

Паводле Валерыя Канішчава, паказаныя па-за праграмай беларускія працы пакуль ня маюць нават аўтарства, бо дасылаліся праз інтэрнэт людзьмі, што падпісваліся адно псэўданімамі.

Чаго чакаюць мастацтвазнаўцы ад новага мастацкага жанру? Кінакрытык Андрэй Расінскі ўжо бачыў падобныя творы – зьнятыя фотакамэрай з функцыяй відэа:

(Расінскі: ) "Мяркую, гэта мусіць быць цікавым, бо зьяўляюцца новыя тэхналёгіі, зьяўляюцца новыя магчымасьці для здымак. Гэта, безумоўна, пашырае масмэдыйныя магчымасьці кінэматографа як такога".

Андрэй Расінскі мяркуе, што новыя тэхналёгіі цудоўна спалучаюцца з клясычнымі канцэпцыямі кіно:

(Расінскі: ) "У фільмах, зьнятых мабільнымі тэлефонамі, вельмі моцны момант падгляданьня нейкіх нечаканых падзеяў. Альфрэд Хічкок свой фільм "Акно ў двор" пабудаваў як такі позірк вуаера. Потым на гэтым будавалася аграмадная колькасьць кінатэорыяў, якія казалі, што кіно – гэта падгляданьне".

Другая частка праграмы стужак "Інтэрфільму" – работы, зьнятыя звычайнымі відэакамэрамі, але фарматам ня больш за 3 хвіліны.

Адкрыцьцё паказу будзе суправаджаць жывая музыка ад беларускага гурту "Энэрджы".
XS
SM
MD
LG