Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стаўпецкі райсавет супраць вяртаньня паселішчам гістарычных назваў


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня на Стаўпеччыне сэсія раённага савету адмовіла ў вяртаньні гістарычных назваў тамтэйшым паселішчам – вёсцы Навапольцы й мястэчку Вішнявец. Дэпутаты спаслаліся на адмоўнае стаўленьне да перайменаваньня мясцовых жыхароў.

Ініцыявала пытаньне вяртаньня Навапольцам і Вішняўцу гістарычных назваў група жыхароў і ўраджэнцаў тамтэйшых мясьцінаў. Гэтыя старажытныя паселішчы калісьці называліся Гавязна-1 і Гавязна-2, аднак у 60-х гадах мінулага стагодзьдзя савецкая ўлада іх перайменавала. Спробы вярнуць гэтым паселішчам гістарычныя назвы ў 1980-я й 1990-я гады не ўдаліся. Супраць выступіла мясцовае начальства й частка жыхароў.

Сёньня пытаньне аб вяртаньні зноў было вынесена на сэсію Стаўпецкага райсавету. Аднак і на гэты раз ініцыятыва не была задаволена. Вось што паведаміў пра рашэньне каардынатар руху за вяртаньне, вядомы беларускі эколяг і журналіст Валеры Дранчук, які зьяўляецца ўраджэнцам тамтэйшых мясьцінаў:

(Дранчук: ) “Мне было прадастаўлена слова, але ўжо пасьля, па ходзе дыскусій я некалькі разоў укліньваўся. І ўкліньваўся я чаму? Я ўставаў і казаў: “Ня трэба нікому нічога вяртаць. Вярніце гісторыі. Вось каму трэба вярнуць. Давайце паглядзім у твар гісторыі. І давайце гісторыі вернем тое, што ёй належыць – XVI-га, а то, можа, і XV-га стагодзьдзя”. Вось што я сказаў. Гэта – па-першае. Па-другое, там быў салідны чалавек, ён цяпер працуе ў аблвыканкаме. Вось ён кажа: “Самае галоўнае для нас – гэта меркаваньні тых жыхароў, якія супраць вяртаньня”.

У жыхароў Навапольцаў і Вішняўца няма адзінай думкі наконт вяртаньня старых назваў. На сэсію былі прадастаўлены вынікі апытаньняў, паводле якіх большасьць вяскоўцаў выступае супраць. Гаворыць спадарыня Марына з Вішняўца:

(Спадарыня Марына: ) “Я ставіла за Вішнявец. А чаму я павінна ставіць за Гавязну, якой я і ў вочы не бачыла? Людзі хутка перасварацца з-за гэтай Гавязны”.

Спадарыня Марына пасялілася тут дваццаць гадоў таму. У Вішняўцы сёньня жыве большасьць перасяленцаў зь іншых паселішчаў, а не карэнных жыхароў. Гэтым, як лічыць вішнявецкая пэнсіянэрка Марыя Кухта, і тлумачацца рознагалосьсі ў пытаньні вяртаньня:

(Кухта: ) “Якія мясцовыя – за Гавязну, а якія прыежджыя – усе за Вішнявец. А мне якая розьніца – Гавязна ці Вішнявец?”

Дарэчы, у падтрымку вяртаньня гістарычных назваў выступіла Тапанімічная камісіі пры Савеце Міністраў краіны. Гаворыць сябра гэтай камісіі, прафэсар Валянціна Лемцюгова:

(Лемцюгова: ) “Такіх шмат назваў. Асабліва якія за час ад 1964 году і пазьней – да 80-х гадоў пераймяноўвалі. Але асабліва такі бум прыпаў на 1964-67 г.г. Каб перайменаваць іх, мае месца складаная працэдура. Вельмі цяжка гэта даецца, таму што перайменаваньне – толькі са згоды мясцовага насельніцтва і ўладаў”.

Прынамсі, Валеры Дранчук пасьля сёньняшняга рашэньня сэсіі Стаўпецкага райсавету не адчайваецца:

(Дранчук: ) “Я ведаю, што я выконваю волю мясцовых жыхароў, карэнных жыхароў. Трэба чакаць прыходу новых дэпутатаў, новага часу, новай улады”.
XS
SM
MD
LG