Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне рыхтуюцца адзначыць угодкі Васіля Быкава


Радыё Свабода, Віцебск Імпрэзы, прысьвечаныя дню народзінаў пісьменьніка-земляка, пройдуць у Віцебску, Воршы і ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну – на малой радзіме Васіля Быкава.

У віцебскім абласным Літаратурным музэі мае адкрыцца адмысловая выстава, а ў гарадзкім парку Мазурына апоўдні ў нядзелю, 18-га чэрвеня, пройдзе вялікае літаратурнае сьвята. Зь ініцыятываю правесьці такое сьвята на агульнагарадзкім узроўні выступіла абласная рада ТБМ, і колькі дзён таму атрымалі дазвол ад уладаў.

Цяпер ідзе падрыхтоўка да імпрэзы, пра пляны і арганізацыю якой распавядае старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык.

(Навумчык: ) “Віцебская абласная рада штогод ладзіць мерапрыемствы да ўгодкаў нашага славутага земляка, і сёлета тут, у Віцебску, пройдзе наша вялікае літаратурная сьвята. Мяркуем, што прыедзе жонка Васіля Ўладзімеравіча, Ірына Міхайлаўна, і возьме ўдзел у сьвяце. Мяркуецца, што прыедуць і выступяць Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў. Нашы мясцовыя літаратары выступяць, і наш тэатар імя Якуба Коласа. Будзе праводзіцца таксама й літаратурная віктарына, пераможцы якой атрымаюць беларускія кнігі”.

На вялікі жаль, адзначае Іосіф Навумчык, у віцебскіх кнігарнях сёньня няма ніводнай кнігі Васіля Быкава на беларускай мове, а гэта, на ягоную думку, быў бы найлепшы прыз знаўцам літаратуры ў гэтыя памятныя быкаўскія дні.

Пасьля імпрэзы ў Віцебску, паводле спадара Навумчыка, сьвята будзе працягвацца на малой радзіме пісьменьніка.

(Навумчык: ) “Потым, калі скончыцца наша сьвята тут у Віцебску, менскія госьці паедуць у Менск цераз Бычкі, радзіму Васіля Ўладзімеравіча Быкава”.

У вёсцы Бычкі створаны мэмарыяльны музэй пісьменьніка, у якім на ўгодкі Васіля Быкава бывае асабліва шмат наведнікаў.

І ў Воршы ў наступную нядзелю таксама зьбіраюцца правесьці імпрэзу, прысьвечаную славутаму ўраджэнцу Віцебшчыны. У аршанскім касьцёле сьвятога Язэпа адбудзецца імша, а потым тамтэйшая грэка-каталіцкая суполка правядзе літаратурныя чытаньні, у якіх возьмуць удзел мясцовыя пісьменьнікі ды паэты. Прагучаць іхныя творы, напісаныя на ўшанаваньне памяці Васіля Быкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG