Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывучэньне справы актывістаў "Партнэрства" працягнутае яшчэ на месяц


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вывучэньне ў судзе справы актывістаў “Партнэрства” працягнулі яшчэ на месяц. Пра гэта паведамілі ў канцылярыі Цэнтральнага суду Менска, у якім будзе слухацца справа. Вывучаць справу яшчэ месяц дазволіў старшыня суду. Нагадаем, актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” будзе судзіць судзьдзя Ясіновіч, вядомы тым, што летась асудзіў да “хіміі” вядомых апазыцыянэраў Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца.

Актывісты “Партнэрства” Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і Аляксандр Шалайка, якія спрабавалі наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі, былі арыштаваныя ў лютым. У КДБ адразу заявілі, што з дапамогай “Партнэрства” рыхтаваліся тэрарыстычныя акты. Між тым, пазьней актывістам было вылучанае абвінавачваньне ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Крымінальная адказнасьць за гэта была ўведзеная напярэдадні выбараў.

“Шкада, што маладыя людзі яшчэ месяц правядуць у ізалятары ў дрэнных умовах”, -- гэтак адвакат Павал Сапелка пракамэнтаваў рашэньне аб падаўжэньні вывучэньня справы ў судзе.
XS
SM
MD
LG