Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рэп у Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У адным з Варшаўскіх клюбаў адбылася незвычайная беларуская вечарына - з прэзэнтацыяй падзеяў у Беларусі ў часе і пасьля выбараў, а таксама канцэртам беларускага гіп-гоп гурту “Чырвоным па белым”, які выканаў свае творы па-беларуску і па-польску.

Варшаўскі клюб “Сатуратар” сустракаў сваіх гасьцей бел-чырвона-белым сьцягам каля ўваходу.

(Уладальнік клюбу: ) “Мне 32 гады і добра памятаю, што такое камунізм, як мой народ змагаўся зь ім і як нам дапамагаў увесь сьвет. Беларускім рэпэрам цяжка выступаць у сябе на радзіме, дык як жа не дапамагчы, ня даць магчымасьці засьпяваць тут!? Хачу каб пасьля апошніх фальсыфікаваных выбараў мы памяталі пра Беларуcь – гэта галоўнае”, - кажа ўладальнік клюбу спадар Марцін.

Наведвальнікі клюбу на вялікім маніторы паглядзелі сьпярша, як праходзілі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, а потым пачаўся канцэрт гурту “Чырвоным па белым”. Лідэр гурту, які хаваецца пад псэўданімам “Кроў” і выступае ў чорнай масцы, сказаў нашаму радыё перад выступам, што беларускамоўны рэп становіцца ўсё больш распаўсюджанай з’явай у Беларусі.

(Кроў: ) “Гурт “Чырвоным па белым” як раз і быў створаны для таго, каб паказаць, што рэп па-беларуску можа добра гучаць і зусім ня горш, чым на іншых мовах. Калі робіш рэп на чужой мове, дык атрымліваецца толькі кепская копія. Спадзяюся, што з часам мы будзем усё больш папулярнымі і тады іншыя пабачаць, што варта рабіць рэп на сваёй мове”.

Лідэр гурту “Чырвоным па белым” патлумачыў таксама, што пачаў выступаць ў масцы з-за ўласнай бясьпекі.

(Кроў: ) “З-за тэкстаў перадусім. Усе ведаюць, якія ў нас тэксты. Гэта тэксты, “якія абражаюць уладу”, а насамрэч ў іх шчыра пра гэтую ўладу гаворыцца. З часам, аднак, гэтая маска стала часткай іміджу. І цяпер гэта хіба ўжо больш нават для іміджу.”
XS
SM
MD
LG