Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаваны зь Беларусі літоўскі лётчык прызнае сваю памылку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пазаўчора зь Беларусі быў дэпартаваны літоўскі лётчык Тадас Блажавічус і ягоная сястра Індрэ, якія без дазволу заляцелі ў Беларусь 6 чэрвеня. За час, пакуль супрацоўнікі кампэтэнтных органаў Беларусі разьбіраліся зь літоўскім лётчыкам, вакол палёту нарадзілася нямала самых неймаверных чутак: ці ня ёсьць літоўскі пілёт шпіёнам і ўвогуле ці падымалі, каб перахапіць ягоны самалёт, беларускі штурмавік Су-25? З гэтымі чуткамі паспрабаваў разабрацца наш карэспандэнт, якому ўдалося датэлефанавацца ў Каўнас да галоўнага героя гэтай гісторыі.

Не, героем Тадас Блажавічус сябе ня лічыць. Прызнае шчыра, што памыліўся, не хапіла досьведу, звышлёгкі самалёт, на якім ён ляцеў, аказаўся вельмі падатлівы для моцнага ветру. У выніку Тадас заляцеў у Беларусь, куды і не зьбіраўся. Канчаткова пераканаўся ў гэтым, калі ўнізе на аэрадроме ўбачыў самалёты зь беларускай дзяржаўнай сымболікай.

Тадас кажа: хлусьня, нібыта ён прызямліўся ў Лідзе сам, без загаду беларускага штурмавіка Су-25. Паводле літоўскага лётчыка, беларускія супрацьпаветраныя войскі праявілі як звышпільнасьць, гэтак і звышакуратнасьць у абыходжаньні зь ім у паветры.

(Блажавічус: ) “Безумоўна, мне стала не па сабе, калі гэтак блізка я ўбачыў вайсковы самалёт, гэта было ўпершыню. Але паколькі гэты самалёт паводзіў сябе вельмі асьцярожна, трымаў дыстанцыю і я бачыў, што ён мяне не палохае, ён проста робіць сваю працу, то як толькі ён падаў мне каманду, я адразу пагадзіўся”.

Інцыдэнт зь літоўскім лётчыкам здарыўся напярэдадні вялікіх беларуска-расейскіх манэўраў, якія ў хуткім часе пачнуцца ў Баранавічах. На гэтыя манэўры, паводле шэрагу крыніц, плянуе прыехаць расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Некаторыя інтэрнэт-крыніцы паведамляюць, што літоўскі лётчык сваім прылётам ледзь не сарваў пасадку вялікіх транспартных самалётаў з Расеі. Аднак тое, што расказаў мне Тадас Блажавічус, ня цалкам пацьвярджае гэтыя зьвесткі. Ён сказаў, што бачыў на аэрадроме ў Лідзе шмат вайсковых самалётаў, але ці былі сярод іх расейскія, адказаць ня можа. Пры гэтым Тадас працытаваў цікавае выказваньне сваіх беларускіх калегаў.

(Блажавічус: ) “Мне сказалі: “Дзякуй Богу, што ўсё добра скончылася”, – бо я мог трапіць паміж вялікімі самалётамі са сваім маленькім самалёцікам і было б мне вельмі кепска”.

У Беларусі добра памятаюць пра зьбіты супрацьпаветранымі сіламі амэрыканскі паветраны шар, калі загінулі два амэрыканскія пілёты. Ёсьць не найлепшыя водгукі і пра беларускіх службоўцаў, якія без сантымэнтаў абыходзяцца з затрыманымі замежнікамі. А як абыходзіліся зь літоўскім лётчыкам і ягонай сястрой?

(Блажавічус: ) “З самага пачатку і да канца вельмі карэктна з намі абыходзіліся. Нават адзін афіцэр у высокім званьні даў маёй сястры свой шынель, бо бачыў, што ёй холадна. Для мяне было вельмі прыемна, што гэтак па-людзку абыходзяцца з затрыманымі замежнікамі”.

Тадас Блажавічус ня мае прэтэнзіяў да сьледчых, якія 8 дзён разьбіраліся з тым, быў ягоны прылёт памылкай ці нейкай шпіёнскай місіяй. Лётчык кажа, што суд, які разглядаў яго ўчынак, праходзіў аб’ектыўна. Тое, што Тадаса з Індрэ пакаралі штрафам кожнага на дзьве тысячы эўра, літоўскі лётчык камэнтаваць адмовіўся, бо, як патлумачыў, судзьдзя магла даць і ўдвая болей.

(Блажавічус: ) “Калі б далі штраф крыху большы, то ўся сям’я ня здолела б сабраць такіх грошай. Мы яшчэ заплацілі за парушэньне ўязнога рэжыму, і грошай не засталося нават на абед”.

І ўсё ж Тадас кажа, што ня кіне свайго хобі – лятаць. Ён ня зможа лятаць толькі ў выпадку, калі беларускія ўлады ня вернуць самалёта, на якім Тадас выпадкова заляцеў у Беларусь. Гэта ўнікальны самалёт, на ім зьбіраліся устанавіць шэраг рэкордаў для кнігі Гінэса. “Мы ж не зрабілі ніякага злачынства, за што яго канфіскоўваць?” – спытаўся ў мяне літоўскі лётчык.
XS
SM
MD
LG