Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Стаўпеччыне прапануюць вярнуць даўнейшыя назвы паселішчаў


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Стоўпцах сэсія раённага савету плянуе разгледзець пытаньне аб вяртаньні тамтэйшым паселішчам – мястэчку Вішнявец і вёсцы Навапольцы – колішніх назваў Гавязна-2 і Гавязна-1. Чым кіруюцца ініцыятары зьмены і ці ёсьць у гэтага перайменаваньня праціўнікі?

Гісторыя сучаснага Вішняўца сягае ў глыбіню стагодзьдзяў. Гэта было вялікае мястэчка, вядомае пад назвай Гавязна-2. Аднак у 60-х гадох ХХ стагодзьдзя гэтая назва зьнікла з мапаў. Тагачасным уладам яна чамусьці не спадабалася, і тыя перайменавалі мястэчка ў Вішнявец. Суседняя вёска Гавязна-1 стала Навапольцамі. Аднак у 1980-х гадох там узьнік рух за вяртаньне двум паселішчам ранейшых назваў. Прыхільнікі гэтых назваў лічаць сваю ініцыятыву абгрунтаванай. Гаворыць ураджэнец тамтэйшых мясьцінаў, вядомы беларускі эколяг і журналіст Валеры Дранчук:

(Дранчук: ) “Геаграфічная каштоўнасьць, этнаграфічная каштоўнасьць, а таксама культурная, гістарычная і г.д. Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь выдала рэкамэндацыю экспэртаў вярнуць на гістарычную карту Гавязну-1 і Гавязну-2. Зь іх адна – вёска, другая – мястэчка. Так прапануе акадэмічная навука, культурная грамадзкасьць, пэдагагічная грамадзкасьць і раёну, і ўсёй краіны, многія знакамітыя людзі падключыліся”.

У падтрымку вяртаньня Вішняўцу і Навапольцам старых назваў выступілі пісьменьнікі Генрых Далідовіч, Казімір Камейша, Алесь Камароўскі, Мікола Маляўка ды іншыя ўраджэнцы Стаўпеччыны. Між тым ёсьць і праціўнікі вяртаньня. Як паведаміла Радыё Свабода сакратар Вішнявецкага сельвыканкаму Ніна Гурыновіч, супраць перайменаваньня Вішняўца і Навапольцаў выступае большасьць жыхароў гэтых паселішчаў:

(Гурыновіч: ) “Людзі выказаліся катэгарычна супраць. Людзі вельмі злыя – трэці раз вывучаем гэтае меркаваньне. Учора ў нас была мясцовая сэсія. Паводле апытаньняў насельніцтва, там вельмі маленькі працэнт за перайменаваньне: 10 працэнтаў па Вішняўцы і 8 – па Навапольцах. Большасьць жа за тое, каб назвы гэтых вёсак пакінуць бязь зьменаў”.

Паводле зьвестак Тапанімічнай камісіі, што дзейнічае пры ўрадзе краіны, канфліктная сытуацыя на Стаўпеччыне вакол вяртаньня гістарычных назваў нетыповая. Як правіла, грамадзкасьць і насельніцтва паселішчаў выступаюць у падтрымку аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці. Гаворыць адказны сакратар Тапанімічнай камісіі Натальля Аўраменка:

(Аўраменка: ) “Наадварот, прачынаецца Беларусь, прачынаецца нацыя для таго, каб захаваць сваю назву, сваю культуру. Самі людзі, вэтэраны Айчыннай вайны, і нават быў такі поўны плачу, кранальны ліст ад саміх жыхароў, калі яны спасылаліся, што ім жыць засталося няшмат і яны хочуць вярнуць сапраўдную назву сваёй вёсцы”.
XS
SM
MD
LG