Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Нямеччыне абмяркоўваюць правы беларускіх геяў і лесьбіянак


Радыё Свабода Сёньня ў паўночнанямецкім горадзе Брэмэне, у Цэнтры кансультацыяў і падтрымкі прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў адбудзецца імпрэза, прысьвечаная жыцьцю такіх самых людзей у Беларусі. Сярод галоўных удзельнікаў імпрэзы менчукі Слава Бортнік і Сьвятаслаў Семянцоў – сябры беларускага аддзяленьня “Міжнароднай амністыі”. Апрача Брэмэну, менчукі зробяць даклады ў Ольдэнбургу і Браўншвайгу, а таксама возьмуць удзел у заўтрашнім паўночнанямецкім гей-парадзе.

Слава Бортнік і Сьвятаслаў Семянцоў прыехалі ў Нямеччыну на запрашэньне Ольдэнбурскага цэнтру СНІД-ВІЧ. У беларускім аддзяленьні “Міжнароднай амністыі” яны вядуць пытаньні прававой абароны людзей, хворых на СНІД, а таксама прававой абароны геяў і лесьбіянак. У размове са “Свабодай” Слава Бортнік адзначыў:

(Бортнік: ) “Ведаеце, тут у Нямеччыне людзі нешта ведаюць пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, аднак тыя ж геі і лесьбіянкі амаль не валодаюць інфармацыяй пра жыцьцё такіх самых, як яны, людзей у Беларусі. Таму немцы, вядома ж, хочуць даведацца пра рэальны стан гэтай праблемы ў Беларусі. Сёньня мы робім даклад у Брэмэне. Мы ўжо былі ў Ольдэнбургу, а потым зноў вернемся ў гэты горад і будзем браць удзел у гей-парадзе, які адбудзецца ў суботу”.

Паводле Славы Бортніка, кантакты з прадстаўнікамі нямецкага руху геяў і лесьбіянак вельмі важныя для беларусаў. У немцаў шмат дасягненьняў у гэтай сфэры, напрыклад, ёсьць магчымасьць рэгістраваць аднаполыя шлюбы. Праўда, самі нямецкія геі і лесьбіянкі скардзіліся беларусам, што ў маленькіх мястэчках мясцовае насельніцтва па-ранейшаму застаецца гамафобным.

Супрацоўнік Брэмэнскага цэнтру кансультацыяў і падтрымкі Арна Овэрман спадзяецца, што сёньняшнюю імпрэзу наведае шмат зацікаўленых людзей.

(Овэрман: ) “Мы далі спэцыяльнае паведамленьне ў нямецкім друку і спадзяемся, што будзе шмат наведнікаў. Гэта наш першы кантакт зь Беларусьсю. Зразумела, нас вельмі цікавіць, якая рэальная сытуацыя з геямі і лесьбіянкамі ў гэтай краіне. Такая ж катастрафічная, што і ў Расеі? Наколькі табуізаваная ў Беларусі гэтая тэма ўвогуле”.

Арна Овэрман спадзяецца, што сёньняшняя імпрэза стане пачаткам шырокага інфармаваньня нямецкай грамадзкасьці пра сытуацыю з правамі сэксуальных меншасьцяў у Беларусі ды іншых постсавецкіх краінах.
XS
SM
MD
LG