Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд друку: цыгарэтны крызіс можа паўтарыцца


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд недзяржаўнага друку за 16 чэрвеня.

Кіраўніцтва наваполцакага заводу “Нафтан” адмовілася сустрэцца з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, паведамляе “Витебский курьер”. Сустрэчы былі заплянаваныя ў рамках візыту дыпляматаў у Віцебскую вобласьць 13 – 14 чэрвеня. Але 12 чэрвеня ў амбасаду Латвіі прыйшоў ліст за подпісам выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара прадпрыемства Анатоля Арцюха... Перамовы што да наведваньня “Нафтану” вяліся яшчэ тры тыдні таму, візыт узгадніла Міністэрства замежных справаў, таму раптоўная адмова падаецца дзіўнай. Дыпляматы ўсё ж наведалі Наваполацак і сустрэліся там з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Сёлета можа паўтарыцца цыгарэтны крызіс, цьвердзіць “Камсамолка”. Калі ўрад не дазволіць дадатковай дастаўкі дарагіх імпартных цыгарэтаў, тытунёвых вырабаў будзе не хапаць. Летась Беларусь перажыла два цыгарэтныя дэфіцыты. У ліпені-жніўні і ў кастрычніку-лістападзе цыгарэты замежнай вытворчасьці пачалі зьнікаць. Уся праблема ў тым, што ўрад штогод вырашае, колькі іх можна завезьці ў краіну. І ў 2005 годзе ўлады дазволілі беларусам выкурыць 2,7 мільёны імпартных цыгарэтаў. Але іх не хапіла, квоты давялося павялічыць у некалькі разоў. Сёлета ж квоту зьнізілі – да 1,8 мільярда штук.

Польскі публіцыст Леапольд Унгер на старонках “Нашай нівы” разважае пра “фінляндызацыю” Беларусі. Гаворка пра тое, каб зрабіць нешта на ўзор Фінляндыі, якая належала заходняму сьвету, але мела вельмі блізкія стасункі з СССР. Беларусь магла б стаць нэўтральнай краінай паміж Расеяй і Эўразьвязам. “Фінляндызацыю” па-свойму разумелі палякі, вугорцы, чэхі. Гэта быў прыгожы тэрмін, які, аднак, вельмі дапамагаў тады жыць. Для цяперашняй Беларусі лёзунг “фінляндызацыі” значыў бы прагрэс у замежнай палітыцы, рух да дэмакратыі і пільнаваньне ўласных стратэгічных інтарэсаў.
XS
SM
MD
LG