Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Янка Журба


Уладзімер Арлоў, Менск 30.4.1881, в. Купніна (цяпер у межах г. Чашнікі) — 7.1.1964, Полацак. Пахаваны на полацкіх Ксавэр’еўскіх могілках.

У восьмай клясе ў школьнай бібліятэцы я неяк зьняў са стэнду “Пісьменьнікі-землякі” сьціплы зборнічак вершаў зусім невядомага мне Янкі Журбы. Пагартаўшы старонкі, я ўзбагаціў сябе чатырохрадкоўем, што было, відаць, сугучнае майму тагачаснаму стану безнадзейнай, яшчэ дзіцячай закаханасьці:

Я помню сад у срэбраным уборы... Паміж красуючых духмяных дрэў Стаяла ты — ўся ў белым. Сад шумеў. У цьмяным небе замігцелі зоры...

А яшчэ з кніжачкі я даведаўся, што аўтар гэтых радкоў жыве ў маім Полацку. Прамінула некалькі дзён, і завочнае знаёмства атрымала нечаканы працяг. Блукаючы па недалёкіх ад бацькоўскага дому Ксавэр’еўскіх могілках, я раптам убачыў прымітыўна-стандартны помнік , з надпісу на якім вынікала, што аўтар упадабанага мною санэту пра каханьне ўжо некалькі гадоў таму знайшоў тут апошні прыстанак. Мне здалося, што паэты заслугоўваюць лепшых надмагільляў, але найбольш уразіла нават ня ўбогасьць помніка, а тэкст на ім — чамусьці расейскамоўны ды яшчэ з памылкай: “Белорусский поэт Янко Журба”.

Праз колькі гадоў, закончыўшы БДУ і, як выказваўся адзін мой сябар, канчаткова стаўшы на нацыянальныя рэйкі, я вярнуўся ў родныя мясьціны й распачаў змаганьне за новы помнік паэту ці, прынамсі, за беларускі тэкст на ім. У розныя інстанцыі быў напісаны дзясятак лістоў пра тое, што выпускнік Полацкай настаўніцкай сэмінарыі Янка Журба быў “нашаніўцам” (і, дарэчы, нейкім дзівам пазбег за сталінскім часам рэпрэсіяў), што менавіта ён некалі пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара “Міколкі-паравоза” Міхася Лынькова, што на схіле дзён ён страціў зрок і жыў у невядомасьці ў доме для састарэлых...

У адказ прыходзілі зьдзекліва-ветлівыя адпіскі. Новы помнік зьявіўся ўжо ў сувэрэнныя 1990-я.

Некалі я назаўсёды вярнуся ў Полацак. Пытаньне пра мову надпісу на маім помніку, я ўпэўнены, не паўстане. Хацелася б, каб не ўзьнікла й праблемы правапісу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG