Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта апазыцыі ўдзельнічаць ў мясцовых выбарах?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. (эфір 14 чэрвеня) Удзельнікі: вядомы палітык Аляксандар Дабравольскі й палітоляг Юры Чавусаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сярод дэмакратычнай супольнасьці Беларусі канчаткова ўсталявалася меркаваньне, што выбары ў краіне немагчымыя, яны ператварыліся ў фікцыю. Таму і ў асяродзьдзі апазыцыйных палітыкаў, і шараговых грамадзянаў узьнікае пытаньне — ці мае сэнс удзельнічаць у выбарах? Час ад часу гучаць прапановы байкоту. У мінулы аўторак Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў правёў круглы стол наконт удзелу ў мясцовых выбарах, якія павінны адбыцца ў студзені наступнага году. Да якіх высноваў прыйшлі апазыцыянэры? Які сэнс іхнага ўдзелу ў гэтых выбарах?”

(Аляксандар Дабравольскі: ) “Яшчэ ў 2004 годзе зьніклі апошнія ілюзіі, што дэмакратычным сілам можна з дапамогай выбараў прайсьці ў органы ўлады. Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары выкарыстоўваліся як палітычная кампанія. І мясцовыя выбары таксама апазыцыя разглядае як кампанію. Сэнс яе ў тым, каб атрымаць большую грамадзкую падтрымку, знайсьці актыўных прыхільнікаў”.

(Юры Чавусаў: ) “Цяпер мы назіраем крыху парадаксальную сытуацыю, калі ўсе суб’екты міжпартыйнай кааліцыі адназначна кажуць пра ўдзел у мясцовых выбарах. У той жа час усе кажуць, што сэнсу ў гэтых выбарах як сродку атрыманьня дэпутацкіх мандатаў няма. Нават трапіць у сельскія саветы будзе вельмі праблематычна. Таму найпершая функцыя гэтых выбараў — даць працу мясцовым актывістам, структурам апазыцыі. У такой сытуацыі ўдзел у мясцовых выбарах павінен быць сродкам у рэалізацыі нейкай стратэгіі. Іхняй мэтай можа быць альбо абуджэньне грамадзтва, альбо павелічэньне колькасьці прыхільнікаў пераменаў. Але пакуль што я ня бачу нейкага шырокага пляну, у які можна было б уставіць удзел у мясцовых выбарах. У такім выпадку тактычная задача становіцца галоўнай. Таму шмат хто з дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты пойдзе на выбары з мэтай трапіць у мясцовыя саветы. Такіх ілюзіяў не павінна быць”.

(Карбалевіч: ) “Відавочна, што прадстаўнікоў апазыцыі ўлады не прапусьцяць у саветы, не дазволяць ім выйграць дэпутацкія мандаты. Тады ўзьнікае пытаньне: што можна лічыць станоўчым вынікам удзелу апазыцыі ў гэтай кампаніі? І па якіх крытэрах можна вызначыць, што апазыцыя дасягнула посьпеху?”

(Дабравольскі: ) “Сапраўды, пакуль ня вызначаная стратэгічная ідэя на найбліжэйшы пэрыяд. Хоць прыняты дакумэнт пад назвай “Стратэгія”, але тут шмат праблемаў. Тым ня менш, ёсьць рэчы, якія ўсё роўна трэба рабіць. Гэта інфармацыя грамадзтва пра вынікі мінулых выбараў, пра фальсыфікацыі. Павінна быць агульнае пасланьне да грамадзянаў, трэба актыўна працаваць у акругах зь людзьмі. Цяпер пра вашае пытаньне — як вызначыць, ці ёсьць вынік. Гэта сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх можна ўбачыць, ці стала больш людзей, якія выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасьці. Таксама станоўчым вынікам можна лічыць тое, што стане больш арганізаваных структураў у апазыцыі, больш іхных сяброў”.

(Чавусаў: ) “Пакуль ня вызначаны канкрэтны плян удзелу апазыцыі ў выбарах, рана казаць пра крытэры эфэктыўнасьці. Цяпер відавочна, што розныя суб’екты ставяць перад сабой розныя задачы. Ёсьць людзі, якія насамрэч хочуць патрапіць у мясцовыя саветы. Партыі імкнуцца падняць свой рэйтынг, умацаваць структуры. А такі суб’ект, як аб’яднаная апазыцыйная кааліцыя, імкнецца дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў — дэмакратызацыі Беларусі. Цяжка вызначыць крытэры, якія б былі адзінымі для ўсіх гэтых суб’ектаў.

На мой погляд, ацэнка эфэктыўнасьці павінна весьціся з гледзішча стратэгічнай мэты — дэмакратызацыі Беларусі. Вельмі важна, каб праграма ўдзелу ў мясцовых выбарах была ўключаная ў агульную стратэгію дэмакратычных сілаў”.

(Карбалевіч: ) “З чым зьбіраецца апазыцыя ісьці да электарату? Зь якім мэсыджам, зь якой плятформай? Гэтае пасланьне павінна быць палітычным ці тычыцца мясцовых праблемаў?”

(Дабравольскі: ) “Гэтае пытаньне было якраз прадметам дыскусіі на круглым стале. Найперш, павінен быць “мэсыдж” агульнапалітычны, які тычыцца агульнанацыянальных праблемаў. Але мясцовыя выбары задаюць свой фармат. Трэба ўздымаць пытаньні, якія хвалююць людзей кожны дзень. Таму прыйшлі да высновы, што трэба спалучэньне агульнадзяржаўных праблемаў зь мясцовымі пытаньнямі (камунальныя праблемы і іншае). Каб знайсьці балянс паміж гэтымі блёкамі, павінна быць сур’ёзная праца. Вельмі важна, каб палітычнае пасланьне насельніцтву ва ўсіх кандыдатаў было агульнае”.

(Чавусаў: ) “Сапраўды, балянс паміж гэтымі блёкамі, пра які казаў спадар Дабравольскі, вельмі важны. Але гэтая кампанія павінна ўлічваць тыя дасягненьні, якія апазыцыя атрымала па выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Маецца на ўвазе папулярнасьць асобных брэндаў, ідэяў, мабілізацыя людзей, якія гатовыя працаваць дзеля ідэі, а не палітычных ці фінансавых дывідэндаў. Усім гэтым можна скарыстацца, калі кампанія будзе мець агульнапалітычнае вымярэньне. Лякальныя праблемы, безумоўна, будуць абмяркоўвацца падчас гэтых выбараў. Але насельніцтва цудоўна разумее тую ролю, якую выконваюць мясцовыя саветы ў нашай дзяржаве. Таму няма ілюзіяў, што праз гэтыя саветы могуць вырашыць прынцыповыя праблемы.

На круглым стале прагучала ідэя, што пры выбарах дэпутатаў абласнога й Менскага гарадзкога саветаў павінны пераважаць агульнапалітычныя пытаньні, а пры выбарах саветаў ніжэйшага ўзроўню — мясцовыя праблемы. Але, на мой погляд, акцэнт павінен рабіцца на палітычных лёзунгах”.

(Карбалевіч: ) “Такое тактычнае пытаньне. У кожнай акрузе павінен быць толькі адзін апазыцыйны кандыдат, ці іх можа быць некалькі?”

(Дабравольскі: ) “Наконт гэтага пытаньня таксама была дыскусія. Калі б ставілася задача атрымаць дэпутацкі мандат, тады патрэбна, каб у кожнай акрузе быў толькі адзін апазыцыйны кандыдат, які акумуляваў бы галасы ўсяго дэмакратычнага электарату. Але ў цяперашніх умовах шанцы на перамогу мінімальныя. Тады на першы плян выходзіць задача — каб насельніцтва падтрымлівала дэмакратычныя ідэі. Пры такой сытуацыі не абавязкова, каб быў толькі адзін кандыдат ад апазыцыі ў кожнай акрузе. Але ёсьць і іншы бок. Для выбаршчыка будзе цяжка зразумець, калі ў акрузе будзе шмат апазыцыйных кандыдатаў. Для яго гэта будзе азначаць, што апазыцыя не самотная.

Таму выказвалася думка, каб пры выбарах дэпутатаў абласнога і Менскага гарадзкога саветаў павінна быць па адным апазыцыйным кандыдату ў акрузе, а пры выбарах саветаў ніжэйшага ўзроўню можа быць і больш. Але адзінага адказу на гэтае пытаньне няма”.

(Чавусаў: ) “Тут ня трэба заганяць сябе ў нейкія межы. Падчас мясцовых выбараў будзе разыгрывацца некалькі тысяч дэпутацкіх мандатаў. Для таго, каб закрыць усе акругі, у апазыцыі няма рэсурсаў. Таму ў тых акругах, дзе кандыдат будзе годны, вядомы, там трэба заключаць палітычнае пагадненьне і вылучаць аднаго апазыцыйнага кандыдата. На мінулых выбарах ствараліся мясцовыя кааліцыі й адбываўся падзел акругаў. Але ня будзе трагедыі, калі пад адным лёзунгам, плятформай пойдуць некалькі апазыцыйных кандыдатаў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што празь нерэгістрацыю адсейваюцца каля 30% прэтэндэнтаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Беларусь знаходзіцца напярэдадні новай выбарчай кампаніі. І эфэктыўнасьць удзелу апазыцыі ў ёй залежыць ад правільна выбранай стратэгіі й тактыкі”.
XS
SM
MD
LG