Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Разумаву далі 3 гады за "паклёп на прэзыдэнта"


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Такі вырак па сканчэньні разгляду крымінальнае справы, ініцыяванай аршанскай пракуратурай, вынесла судзьдзя Тацяна Рыбакова. Суд прызнаў Мікалая Разумава вінаватым паводле 367-га артыкулу Крымінальнага кодэксу на падставе выказваньняў сьведкаў і відэазапісу сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам 24-га лютага.

На відэастужцы, зьнятай апэратарам мясцовай тэлекампаніі “Скіф” Сяргеем Яўсеевым, зафіксавана прамова спадара Разумава, які публічна казаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да зьнікненьня Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара, што й было кваліфікавана судом як “паклёп на прэзыдэнта”.

Паводле вынікаў псыхіятрычнай экспертызы ў менскай клініцы Навінкі, падсудны на той момант быў у цалкам сьвядомым стане, хаця на судзе ён заявіў, што ня памятае ні тае сустрэчы, ні ўвогуле падзеяў таго дня, і таму сваёй віны не прызнае.

Ад 14-га сакавіка спадар Разумаў знаходзіўся пад вартай, і толькі пасьля сёньняшняга суду яго адпусьцілі дахаты. Цяпер ён мусіць чакаць на позву, у якой будзе пазначанае месца ягонага пакараньня – “абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу”, інакш кажучы, на “хіміі”.

Гэты працэс выклікаў шарокі рэзанас у Воршы, дзе Мікалая Разумава ведаюць найперш як вядомага рабочага лідара, які на пачатку 1990-х гадоў заклікаў працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў выйсьці на рэйкі на знак нязгоды з сытуацыяй у краіне, арганізаваўшы такім чынам першыя працоўныя страйкі на Беларусі.
XS
SM
MD
LG