Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскупы з Горадні атрымалі новыя прызначэньні (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Пасьля вызваленьня з пасады Менска-Магілёўскага мітрапаліта кардынала Казімера Сьвёнтка адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі папам Бэнэдыктам XVI прызначаны 46-гадовы біскуп Антоні Дзям’янка. Канфэрэнцыю біскупаў Беларусі ўзначаліў 56-гадовы гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч. Што думаюць пра новыя прызначэньні ў Горадні, дзе абодва гэтыя сьвятары доўгі час служылі?

Сёньня каталіцкае сьвята Божага цела, у курыі выходны дзень, і тэлефоны не адказваюць. З нагоды гэтага сьвята штогоду праводзіцца вулічная працэсія з абразамі, сёлета яна адбудзецца ў выходныя. У Катэдральным касьцёле яшчэ не было набажэнства, але асобныя вернікі заходзілі ў храм. Калі адна зь верніц выйшла, перажагналася й пацалавала ўкрыжаваньне, я папрасіў яе сказаць пра тое, што яна думае пра новае прызначэньне Аляксандра Кашкевіча.

(Верніца: ) “Я толькі сёньня даведалася аб гэтай навіне, вельмі ўзрушаная, і мне вельмі радасна, што наш Гарадзенскі біскуп будзе ўзначальваць увесь каталіцкі касьцёл у Беларусі. Вельмі часта даводзілася бываць на набажэнстве, якое вёў Аляксандар Кашкевіч, і заўсёды зь вялікім узрушэньнем слухалі мы імшу. І нават, напрыклад, на Божае нараджэньне мы зь ім дзяліліся аплаткай, і ён нас дабраславіў”.

Для верніка гэта вялікі гонар — падзяліць аплатку на Божае нараджэньне з самім біскупам, сказала гэтая спадарыня. Паводле знаўцаў сытуацыі ў касьцёле, Аляксандар Кашкевіч лічыцца прадстаўніком хутчэй прапольскага крыла, хаця ён ведае беларускую мову й дае на ёй інтэрвію.

Антон Дзям’янка некалькі гадоў служыў у Гарадзенскай дыяцэзіі другім або дапаможным біскупам. Высьвечаны ён быў у Горадні ў Катэдральным касьцёле. Я быў на гэтай цырымоніі, высьвячэньне біскупа ў Беларусі — вельмі рэдкая падзея. Адна зь верніц гаворыць:

(Верніца: ) “Для нас, для беларускай суполкі пры парафіі, вельмі важна, што ён быў пробашчам Катэдральнага касьцёлу. І што ў яго бытнасьць пробашчам стала праводзіцца другая, прычым штодзённая імша ў 17.30 на беларускай мове”.

Гэтая верніца гаворыць, што для іх таксама важна, што Антон Дзям’янка тутэйшы чалавек: паходзіць зь Беларусі й карыстаецца беларускай мовай. Ён, дарэчы, неаднойчы, асабліва ў сьвяты, праводзіў на беларускай мове набажэнствы ў Катэдральным касьцёле.

Калі Антона Дзям’янку перавялі ў Менск, вернікі, якія наведваюць беларускую імшу, мне гаварылі, што вельмі пра гэта шкадуюць. Тым жа часам яны ўсьведамлялі, што ён зможа зрабіць шмат карыснага для ўсяго Касьцёлу ў Беларусі.


На леташняй працэсіі ў Горадні — Аляксандар Кашкевіч(на пярэднім пляне, зьлева ад яго Казімер Сьвёнтак з кардынальскім жазлом).

Аляксандру Кашкевічу 56 гадоў, ён нарадзіўся пад Эйшышкамі ў Літве непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Да пераводу ў Горадню працаваў у касьцёле Сьвятога Духу у Вільні.

У Горадні 30 траўня адзначалі 30-годзьдзе сьвятарства Аляксандра Кашкевіча, а крыху раней 15-ю гадавіну ягонага высьвячэньня біскупам. У 1991 годзе, калі пачалі стварацца структуры каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, адначасова былі прызначаны кіраўнікамі дыяцэзій Казімер Сьвёнтак і Аляксандар Кашкевіч.


На леташняй працэсіі ў Горадні — Антон Дзям’янка.

Антону Дзям’янку 46 гадоў, ён нарадзіўся пад Стоўбцамі. Улады не далі яму даведку, якая дазваляла паступіць у духоўную сэмінарыю, таму ён вучыўся падпольна пад Баранавічамі, разам яшчэ з двума будучымі ксяндзамі. Антон Дзям’янка быў высьвечаны таксама падпольна — у Літве. Будучы ўжо ксяндзом, ён мусіў прайсьці службу ў Савецкай арміі на Поўначы. Пасьля гэтага ён патаемна займаўся сьвятарскай службай, а з 1984 году працаваў у касьцёле ў Наваградку ўжо афіцыйна.

У Польшчы выдадзена кніга “Мартыралёг” са сьпісамі асобаў, якіх перасьледаваў камуністычны рэжым – сярод іх ёсьць і прозьвішча біскупа Антона Дзям’янкі.

Фота С.Астраўцова
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG