Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскага актывіста аштрафавалі за пікет ля будынку “Беларуськалію”


Севярын Квяткоўскі, Менск Салігорскі суд аштрафаваў актывіста Аляксея Валабуева на 30 базавых велічыняў — гэта 930 тысяч рублёў. Яго зьвінавацілі ў хуліганстве за ўдзел у пікеце насупраць адміністрацыйнага будынку прадпрыемства “Беларуськалій”. Салігорскія ўлады папярэджваюць актывістаў пра пакараньне за публічныя акцыі.

Напярэдадні, 14 чэрвеня, Аляксей Валабуеў разам зь непаўнагадовымі паплечнікамі з “Маладога фронту” Ільлём ды Іванам Шылам стаяў у цэнтры Салігорску з плякатам “Набывайце соль — памажыце “Белкалію”. Хлопцы прапаноўвалі мінакам набыць харчовую соль, набытую ў краме. Пэрформанс меў за мэту прыцягнуць увагу да праблемы “Беларуськалію”: адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі спыніла працу з эканамічных прычынаў.

15 чэрвеня маладафронтаўцы Іван Шыла і Яўген Мядзьведзеў сталі насупраць салігорскага суду з плякатамі “Свабоду Валабуеву!”. Падчас затрыманьня Яўгена Мядзьведзева зьбілі. На Івана Шылу склалі пратакол за ўдзел у несанкцыяваным пікеце, а Яўгена Мядзьведзева адвезьлі ў шпіталь, зь якога неўзабаве выпусьцілі. 15 чэрвеня Іван Шыла меў размову з начальнікам салігорскай міліцыі Ўладзімерам Захарчуком.

(Шыла: ) “Вельмі хвалюецца начальнік міліцыі пра якія-небудзь акцыі наконт “Белкалію”, дзе будзе сацыяльны кантэкст. І наконт маіх сёньняшніх і ўчорашніх дзеяньняў, што за несанкцыяваныя пікеты мае бацькі будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Нават агучыў суму адказнасьці — 20 базавых велічыняў”.

Ад лістапада мінулага году Іван Шыла затрымліваўся міліцыяй некалькі дзясяткаў разоў. Пятнаццацігадовы школьнік — адзін з маладафронтаўцаў, якія распачалі галадоўку 29 траўня. У часе сустрэчы са старшынём Салігорскага выканкаму Міхаілам Амельянчуком Іван Шыла атрымаў ад чыноўніка папярэджаньне пра недапушчальнасьць грамадзка-палітычных акцыяў у публічных месцах:

(Амельянчук: ) “За пятнаццаць дзён падавай заяўку. Ня зробіш — будзеш сядзець у клетцы, зразумеў мяне?”

16 чэрвеня ў Салігорску мае прайсьці Дзень салідарнасьці. “Начальнік міліцыі Ўладзімер Захарчук папярэдзіў, што ўсіх паўналетніх пасадзіць на суткі, а бацькоў непаўналетніх пакарае штрафам”, заявіў Іван Шыла.
XS
SM
MD
LG