Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Солы


Зьміцер Бартосік, Солы Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 13 чэрвеня).

Сваёй структурай Солы — клясычнае беларускае мястэчка. Да рынкавага пляцу, які даўно пераўтварыўся ў неахайны сквэр, зьбягаюцца вузкія вулкі. Там-сям з-пад асфальту яшчэ праглядае старадаўні брук. Гістарычнымі помнікамі глядзяцца камяніцы колішніх габрэйскіх крамаў. Іхны век выдае несавецкая таўшчыня муроў. Захаваўся нават драўляны шэдэўр — вялізарная карчма. Нават з пачарнелымі сьценамі й пазабіванымі вокнамі яна выглядае значна больш стылёвай за “кафэ” — абшарпаны савецкі павільён, які хаваецца за сквэрам. І над усім навакольлем даслоўна пануе касьцёл Маці Божай Ружанцовай. Архітэктурная дамінанта й галоўная цікавостка Солаў. Нават цяжка паверыць, што гэтаму храму толькі 80 гадоў. Архітэктар Дубановіч пабудаваў ня столькі строгі храм, колькі дэкарацыю казачнага замку.

У сквэры ля касьцёлу сядзіць група маладых людзей. Ядуць марозіва. Прыстойна апранутыя. У размове ніякіх матаў. Вучацца й працуюць у Смаргоні. Каталікі. Галасавалі за Лукашэнку.

(Хлопец: ) “Таму што — хто тут лепшы будзе? Ніхто лепшы ня прыйдзе. Ніхто лепшага не прапанаваў. Усе тое самае гавораць. Абяцаньнямі кормяць”.

Да Літвы адсюль кілямэтраў дваццаць. Да Менску — больш за сто. Але Літоўская тэлевізія да Солаў не дабівае — і гэта адчуваецца з таго, што кажуць маладыя людзі.

(Хлопец: ) “Яны ў Эўразьвяз пайшлі. Ім цяжэй намнога стала жыць”.

(Хлопец: ) “Тэлебачаньне паказвае, што ўсе імкнуцца ў Беларусь”.

(Хлопец: ) “Не ўвайшоў у Эўразьвяз. І гэтым добра зрабіў. Стараецца для моладзі. Робіць аграгарадкі. Прадастаўляе працаваць. Пра спорт пачаў клапаціцца. Імкнецца да лепшага. Для моладзі”.

Мар’яна Дуксу, выдатнага беларускага паэта, знаёмага прыхільнікам прыгожага пісьменства ад 1960-х гадоў, маладыя людзі ведаюць як мужа іхнага завуча. Які піша “сьціхі”.



(Карэспандэнт: ) “Вы, жывучы ў Солах, не адчуваеце дыскамфорту, няма пачуцьця адарванасьці? Вам тут утульна?”

(Дукса: ) “Безумоўна, я адчуваў гэта заўсёды — дыскамфорт. Але так склалася, што я паехаў. Не хацелася ісьці да Танка. “Дайце мне…” Асаблівасьці натуры. Я ніколі не любіў службы. Ёсьць прычыны розныя — нават тое, што ў свой час мы былі рэпрэсаваныя як кулацкая сям’я. І ў мяне заўсёды было адчуваньне недаверу да ўлады, якой трэба служыць. Тое, што Бог дае людзям свабодную волю, — я яе выкарыстаў дзеля літаратуры.

…Бацька быў дзесяць гадоў у Амэрыцы за польскім часам. Прыехаў, купіў 28 гектараў зямлі. У 1940 годзе быў суд на высылку. Мы не зьявіліся, бо быў страшны мароз 1940 году — да 44 градусаў даходзіла. З малымі дзецьмі крануцца ў такі мароз не маглі. Справа цягнулася, са сьпіску ў сьпіс перакідаліся мы. Пачалася вайна. Нас вайна ўратавала ад фізычнага зьнішчэньня. Бо тыя, хто паехалі, усе памерзьлі.

….Едуць абозы. Маса людзей. Дзеці, галодныя. Плач стаіць. Дарога гэтая зарасла травой новай. Травой забыцьця. Нічога ня памятаецца. Але ўсё гэта было. Нікуды ад гэтага ня дзенесься. І жвір, на які падалі сьлёзы, — ён даўно прамыты дажджамі. Але памяць застаецца”.

Солаўскі краязнаўца Валеры Пятроў шукае скарбы на беразе ракі Ашмянкі. Рэчка падаравала яму немалую нумізматычную калекцыю манэтаў эпохі ВКЛ.



(Пятроў: ) “Тут на беразе Ашмянкі быў знойдзены якар з караблёў вікінгаў. І, на жаль, ён не захаваўся. А, можа, і захаваўся. Я яшчэ пастараюся яго знайсьці. Ён у мясцовай школе знаходзіўся. А затым яго некуды перамясьцілі”.

(Карэспандэнт: ) “Скралі?”

(Пятроў: ) “Не. Выкінулі проста. Я хацеў прыцягнуць яго дадому. Але ён быў вельмі цяжкі. І тады я неяк не захаваў. На сумленьні маю па сёньняшні момант. Гэта гаворыць аб тым, што, мабыць, на невялічкіх суднах заплывалі вікінгі сюды”.

Ёсьць у гісторыі мястэчка асоба, якой, на думку краязнаўцы, землякі павінны ганарыцца:

(Пятроў: ) “У нас у Солах нарадзілася другая асоба пасьля Пілсудзкага — генэрал Жалігоўскі. Ён быў сынам паўстанцаў 1863 году. Ён нарадзіўся тут, у Солах менавіта. У сям’і шляхты сярэдняй. І затым бацькі былі сасланыя ў Сібір, а ён быў аддадзены сваячцы ў суседняе мястэчка Жупраны, на выхаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “А захавалася што-небудзь ад Жалігоўскага? Дом, дзе нарадзіўся?”

(Пятроў: ) “Не. Нічога не захавалася. Наагул тут будынкаў такіх не захавалася. Вось мы стаім, бачым некалькі габрэйскіх дамоў. Захавалася аптэка яшчэ старая”.

У касьцёле знаходзіцца незвычайная мэмарыяльная дошка — у памяць маладых солаўскіх людзей, якія палеглі падчас Другой усясьветнай, змагаючыся не за савецкую Беларусь. Слова Мар’яну Дуксу:

(Дукса: ) “Я часта гляджу на гэтую дошку й думаю: там і дзяўчаты ёсьць. Людзі дабравольна ішлі. Ніхто туды не заганяў, як часам у партызаны. У Армію Краёву ішлі дабравольна. Савецкую ўладу яны не ўспрымалі. Усе гэтыя людзі трагічныя. Сёньня, на гэта гледзячы… Ну што Польшча для іх? Кругом жа Беларусь. Польшча за гады свайго існаваньня пакінула сьлед. У пляне культуры, у пляне маралі. І людзям гэта было бліжэй, чым прыход саветаў. А трагічнымі ў тым пляне яны застаюцца, што ня Польшча іхная радзіма. Выходзіць, што яны нічыйныя. Паклалі галовы. Гэта была моладзь, гэта быў парыў. Хоць дзесьці ўнутры яны й разумелі, што Польшча для іх не радзіма. Тым больш палякі не хавалі, што людзі беларускія — другі гатунак”.

(Карэспандэнт: ) “А сёньня ёсьць тут рэцыдывы “polskosci”?”

(Дукса: ) “Рэцыдывы “polskosci” ёсьць, можа, у пажылых людзей. У маладых няма нейкіх схільнасьцяў лічыць, што Польшча для іх нешта значыць. І тое, што ў касьцёле ідзе набажэнства на польскай мове, — гэта трошкі несур’ёзна. Бо Польшча мала што значыць для сёньняшняга люду”.

Пасьля набажэнства ля касьцёлу вельмі людна. Пляц ажывае, напаўняецца прыгожа апранутымі людзьмі — пераважна людзьмі старымі. Размовы больш пра справы зямныя.



(Старая: ) “Беларусь лепей жыве, чым гэна Літва. Што ў гэнай Літве ёсьць? Ні чарта. У нас — усяго. Зайдзі ў горад Мінск наш, сталіцу. О!”

(Старая: ) “Я хацела сама да Лукашэнкі зьезьдзіць. У нас няма лазьні. Гэтую лазьню па частках разрабавалі. І я ежджу ў Смаргонь мыцца. Магазін, які ля лініі, добры быў — закрылі. Таксама па частках разабралі. Хай бы ён прыехаў, паганяў гэтае начальства”.

(Стары: ) “Прэзыдэнт Польшчы, пан Масьціцкі, прыяжджаў у Солы без аховы. Дзе Варшава, а дзе Мінск! Ніхто зь Мінска ні разу не прыехаў сюды”.

(Старая: ) “Каб ён дазнаўся, ён бы тут выгнаў палавіну б. Я ўжо ў райвыканкам хадзіла. Мяне адтуль ледзь у міліцыю не забралі. Я там выступала. Даць яму ведаць — каб ён прыехаў і трошкі пашарудзіў таго-сяго”.

Паэт Мар’ян Дукса бачыць у сёньняшнім касьцёле ня толькі месца для рэлігійнага культу, але і апошні прытулак беларушчыны.

(Дукса: ) “Адзіная сфэра, дзе можа захавацца мова надоўга — гэта касьцёл. Як ні дзіўна, як ні парадаксальна. Не пачуеш гэтай мовы на агульнашкольных мерапрыемствах. Абсалютна не пачуеш гэтай мовы на мерапрыемствах дзяржаўных. Касьцёл — тое месца на сёньня зьяўляецца, можна сказаць, адзінае, дзе мова пачувае сябе і ўтульна, і годна, і думаецца, што гэта будзе надоўга. І, можа, не Таварыства беларускай мовы, і не беларускія пісьменьнікі, а менавіта касьцёл зьберажэ мову і перадасьць у рукі калі-небудзь дзяржаўным органам, усім людзям. Так што шляхі часам непрадказальныя беларускай мовы”.

На жаль, сказанае спадаром Дуксам ня тычыцца сольскага касьцёлу. Мне не ўдалося пагутарыць з айцом Леанардам. Ён спаслаўся на стому. Але хочацца верыць, што яму будзе цікава паслухаць сваю маладую паству. Тых маладых людзей у сквэры, якія сьвядома не пайшлі на імшу.



(Хлопец: ) “Ён так заявіў раз у касьцёле: “Менш за тысячу не кладзіце”.

(Хлопец: ) “Бабкі прыходзяць — пяцьсот рублёў апошнія. А ён нэрвуецца: “Што вы кладзяце?” Таму я сюды й не хаджу. “Менш за тысячу”. “Хату пасьвянціць я не пайду”. Быццам ён сам Бог”.

Калі праяжджаеш у віленскім цягніку, Солы, бадай як ніводнае мястэчка на тым шляху прыцягваюць погляд. Краявід з казачным касьцёлам і рэчкаю так і просіцца на турыстычны плякат. Ідэальная Беларусь. Звонку. А зьмест...

(Дукса: ) “Пісьменьнікі не павінны забывацца на міт пра Сызыфа. Калі ты ўпэўнены, што ты робіш добрую патрэбную справу, рабі яе. Каці гэты камень. Можа, ён і раз, і два, і дзесяць будзе падаць уніз, ты яго каці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG