Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуськалій” па-ранейшаму не працуе


Ігар Карней, Менск Няпэўнай застаецца сытуацыя з аднаўленьнем працы руднікоў на вытворчым аб’яднаньні “Беларуськалій”. Спыніць здабычу калійных угнаеньняў з-за затаварваньня складоў пастанавілі ў мінулую суботу, аднак напярэдадні шахтарам паабяцалі, што да чацьвярга запрацуюць прынамсі тры з чатырох капальняў. Аднак, як высьветліў наш карэспандэнт, ад панядзелка на працу выклікаецца толькі рамонтная брыгада. Здабыча солі не вядзецца.

На “Беларуськаліі” неахвотна кантактуюць з прэсай, мяркуючы, што агалошаньне рэальнага стану можа пашкодзіць прадпрыемству. Нават у прафсаюзнай арганізацыі заяўляюць, што ад тэхнічных пытаньняў з запускам руднікоў дыстанцыююцца. Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні салігорскага прафсаюзу гарнякоў Аляксандар Каралёў:

(Каралёў: ) “Я, як работнік прафсаюзу, у гэтай сытуацыі хвалююся толькі ў зьвязку з тым, што гэта можа адбіцца на прыбытках рабочых, на іхным псыхалягічным стане”.

Намесьнік дырэктара “Белкалію” Валянцін Малярэнка таксама не захацеў гаварыць пра цяперашні стан прадпрыемства, параіўшы зьвяртацца наўпрост да кіраўніка Андрэя Башуры. У прыёмным пакоі дырэктара сказалі, што з прэсай той не размаўляе.

Зь неафіцыйных крыніц удалося высьветліць, што ад пачатку тыдня на працу выходзіць толькі зьмена чацьвёртага рудніка, якая адначасна зьяўляецца і рамонтнай. Пры ўдалым раскладзе часткова аднавіць працу на шахтах мяркуецца ў наступныя выходныя, і тое, як кажуць, на адным — трэцім рудніку.

Самі рабочыя зацікаўленыя ў як мага больш хуткім пераадоленьні крызісу. Бальшыня працаўнікоў “Белкалію” пад высокія заробкі актыўна брала крэдыты для набыцьця бытавой тэхнікі, машынаў і кватэраў. І рэзкае зьмяншэньне зарплаты ў зьвязку з прастоямі стварае для іх многа праблемаў.

Адзін зь лідэраў прафсаюзнага руху Беларусі Сяргей Антончык лічыць, што чакаць публічнага абурэньня рабочых у такой сытуацыі не выпадае.

(Антончык: ) “Мне здаецца, што цяпер гэта амаль што немагчыма. Я маю на ўвазе, на буйных прадпрыемствах Беларусі. У рэгіёнах сытуацыя значна больш складаная, але рэч у тым, што асноўныя прадпрыемствы краіны падтрымліваюцца з боку ўлады, у тым ліку фінансава. Рабочыя атрымліваюць дастаткова вялікія грошы ў параўнаньні з сытуацыяй, якая была тры ці чатыры гады таму. Апроч таго, ледзьве не галоўны фактар — увядзеньне кантрактнай сыстэмы, што таксама не дазваляе рабочым рэзка выступаць за свае правы. Бо кожны баіцца страціць і гэтую працу”.

Як паведамілі ў Міністэрстве эканомікі, іншыя буйныя прадпрыемствы Беларусі працуюць у плянавым рэжыме. Аднак эканамісты даўно гавораць, што бальшыня заводаў існуе якраз дзякуючы валютным донарам — згаданаму “Беларуськалію” і нафтаперапрацоўчым заводам у Наваполацку і Мазыры. Як выказаўся лідэр “Свабоднага прафсаюзу” Генадзь Быкаў, “валютная даніна”, якую зьбірае з гэтых прадпрыемстваў дзяржава, дазваляе досыць рэгулярна выплачваць незаробленыя грошы рабочым па ўсёй краіне.

У пачатку 2006 году ў адпаведнасьці з загадам Аляксандра Лукашэнкі адшукаць рэзэрвы для павелічэньня валютнай плыні кіраўніцтва Беларускай калійнай кампаніі падвысіла экспартныя кошты калійных угнаеньняў у сярэднім на 40 даляраў за тону, давёўшы іх да 245 даляраў. Аднак галоўны пакупнік мінэралаў, Кітай, не пагадзіўся на падаражаньне й адмовіўся падпісваць на такіх умовах новы кантракт і — што найбольш нечакана для беларускага боку — пачаў купляць угнаеньні ў Канадзе й Расеі. Такім чынам, перад “Беларуськаліем” паўстала рэальная пагроза страты асноўнага пакупніка, якому летась адгрузілі больш за 2 мільёны тон прадукцыі ад здабытых 7 мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG