Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Чарнобыльскай зоне некаторыя дзеткі ня толькі добра ня ведаюць родную мову ці замежную, але нават яны ня бачылі кампутара; там працуюць выкладчыкі, якія не валодаюць роднай мовай, дый іншымі мовамі дрэнна".


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 15 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Вось пытаньне да спадара Лявона Баршчэўскага. Яно датычыць дзяцей, думаю, яно Вам блізкае. Дзеці, якімі Вы займаецеся, атрымліваюць вельмі шмат увагі – гэта і выдатныя выкладчыкі, і паездкі за мяжу, і падтрымка замежных фундатараў. І, у прынцыпе, у іх праглядваецца нейкая будучыня, і гэта добра. А што Вы думаеце аб тым, што беларускія дзеці недзе на Гомельшчыне ў вясковых школах атрымліваюць адукацыю ў звычайных выкладчыкаў, большасьць зь якіх ня ведае і не валодае беларускай мовай? Дзеці ў вочы ня бачаць ніякіх кампутараў, іх ня возяць цяпер на аздараўленьне за мяжу, імі не цікавяцца замежныя фундатары, і, увогуле, цяжка неяк уявіць іх будучыню. Як глядзіце Вы на гэтую праблему?”

(Спадар: ) “Лічу, што ня трэба баяцца, што нас зьбіваюць. Калі воўка баяцца, няма чаго хадзіць у лес. І такіх, як Лябедзька, у нас багата. І нас усіх не пераб’юць. Трэба казаць: толькі наперад! І ў лукашыстаў будзе зямля гарэць пад нагамі, і свабода будзе за намі. Жыве Беларусь!”

(Марына, Магілёў: ) “Спадар Баршчэўскі, у адным з нумароў газэты “Наша Ніва” Вы казалі пра пасіўнасьць моладзі ў часе выбарчай кампаніі. Але вось выбары скончыліся, рэпрэсіі, асабліва да моладзі, працягваюцца, – ці зьмянілася Вашае стаўленьне да актыўнасьці моладзі? Калі не, чаму? Выкажу ўласнае меркаваньне, што, магчыма, пасіўнасьць моладзі – гэта адлюстраваньне пасіўнасьці дарослых. Як думаеце на гэты конт?”

(Спадар: ) “Я хачу задаць пытаньне Лявону Баршчэўскаму. Спадар Лявон, апошнім часам Вы шмат працуеце з нашымі беларускімі дзеткамі. У прыватнасьці, Вы зьяўляецеся намесьнікам дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, дзе, як мы ведаем, працуюць вельмі добрыя выкладчыкі, адукаваныя, дзеткі добра валодаюць роднай мовай і іншымі мовамі, ведаюць кампутары. А як, на Вашую думку, што трэба зрабіць з тымі рэгіёнамі Беларусі, дзе жывуць такія самыя дзеткі, як у сталіцы? Я маю на ўвазе, напрыклад, Чарнобыльскую зону. Там некаторыя дзеткі ня толькі добра ня ведаюць нашую родную мову ці замежную, але нават яны ня бачылі кампутара; там працуюць выкладчыкі, якія не валодаюць роднай мовай, дый іншымі мовамі дрэнна. Дый ня толькі ў чарнобыльскай зоне, а і ў іншых вёсках беларускай глыбінкі. Якое Вы бачыце выйсьце з гэтай сытуацыі? Што трэба тэрмінова рабіць, каб сапраўды дзяцей зь беларускай глыбінкі паставіць на адным узроўні зь дзецьмі нашай сталіцы? Тым больш што там не працуюць кнігарні, няма магчымасьці купіць беларускай кніжкі”.

(Максім, Полацак: ) “Пытаньне да спадара Баршчэўскага. Які твор усясьветнай літаратуры трэба перакласьці на беларускую мову ў першую чаргу?”

(Міхал Рублёўскі: ) “Некалькі словаў наконт дыскусіі вакол “круглага стала” дэмсілаў аб удзеле ў мясцовых выбарах. Зразумела, што ўдзел у гэтых выбарах ня мае мэтай перамогу, але ж падыход партыйных функцыянэраў вельмі ўжо аддае кампанейшчынай. Маўляў, менавіта выбары даюць ім магчымасьць актывізаваць дзейнасьць, павялічыць колькасьць прыхільнікаў і г.д. Незразумела толькі, што замінае актывізаваць і павялічваць сёньня, учора. Навошта чакаць нейкай даты? Ня трэба быць прафэсійным псыхолягам, каб спрагназаваць рэакцыю электарату на такога кшталту намаганьне: ага, калі мы вам спатрэбіліся толькі пад час выбараў, то, верагодна, як толькі выбары пройдуць, вы хуценька на нас забудзецеся.

Яшчэ пытаньне да спадара Лябедзькі. Агульнавядома, што партыі ствараюцца для таго, каб, прыйшоўшы да ўлады, рэалізаваць мэты і задачы, сфармуляваныя ў статутных дакумэнтах. У адказе на званок слухача “Свабоды” Вы, спадар Лябедзька, заявілі, што ні Вы, ні Вашыя паплечнікі ўлады ня прагнеце. Дык каму Вы хлусіце: нам альбо сабе? Ці мо гэтыя непаразуменьні ўзьніклі з таго, што для аб’яднаных грамадзянаў галоўнае ня вынік, а сам працэс?”
XS
SM
MD
LG