Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы працягваецца суд над Мікалаем Разумавым (абноўлены)


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Распачаты ўчора працэс паводле 367-га артыкулу Крымінальнага кодэксу “Паклёп на Прэзыдэнта, зьдзейсьнены ў публічным выступе”, як паведаміла судзьдзя Тацяна Рыбакова, будзе працягнуты ў другой палове дня.

Зранку судзьдзя Раіса Шчадзінская распачала разгляд грамадзянскай справы пра пазбаўленьне Мікалая Разумава і ягонай жонкі Ірыны бацькоўскіх правоў у дачыненьні да дваіх старэйшых дзяцей – 10-гадовага сына і 7-гадовай дачкі. Гэтая справа была ініцыяваная Аршанскім гарадзкім аддзелам адукацыі, які прадставіў дакумэнты пра тое, што дзеці ня ходзяць у школу, ня маюць належных умоваў пражываньня, і прапанаваў памясьціць абодвух дзяцей у прытулак.

Мікалай Разумаў выказаў пратэст, заявіўшы, што ў прытулку ягоным дзецям пагражае асабістая небясьпека, і запатрабаваў адводу суду. Пасьля перапынку судзьдзя Шчадзінская адхіліла ягонае хадайніцтва, а гарадзкі аддзел адукацыі нечакана адклікаў свой пазоў, засьведчыўшы, што становішча дзяцей у сям''і нармалізавалася.

Увогуле ў Мікалая Разумава трое дзяцей, самай меншай дачцэ ўсяго паўтара месяцы. Апошнім часам ягонай сям''і аказвала дапамогу аршанская суполка Свабоднага прафсаюзу, бо сам Мікалай Разумаў ужо цягам трох месяцаў знаходзіўся пад вартай: яго затрымалі 14-га сакавіка паводле распараджэньня аршанскай пракуратуры, якая распачала супраць яго крымінальную справу. Падставай для затрыманьня стаў ягоны выступ на сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам 24-га лютага, дзе ён выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара.

Паводле высноваў псыхіятрычнай экспэртызы, якую затрыманы праходзіў у Менскай клініцы ў Навінках, на той момант ён знаходзіўся ў сьвядомым стане, а таму цалкам можа адказваць за свой учынак перад судом.

А вось якія высновы зрабіў прысутны на судзе юрыст Свабоднага прафсаюзу Алег Граблеўскі:

(Граблеўскі: ) “На мой погляд, Разумаў не выглядае здаровым – ён успрымае ўсё сваё жыцьцё як перасьлед за палітычную дзейнасьць 1991-га году. У 1991-м годзе ён высоўваў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ён лічыць сябе нейкім мэсіяй... І калі на яго глядзіш, то часам здаецца, што гэта ты глядзіш на Лукашэнку.

Разумаву паставілі дыягназ “гістэрычна-паранаідальная драматызацыя асобы”, проста на той момант, як запісана ў мэдычных дакумэнтах, ён быў адэкватны. Таму яго й судзяць за словы, сказаныя на сустрэчы з Мілінкевічам”.

Працэс над Мікалаем Разумавым выклікаў шырокі рэзананс у горадзе: хаця землякі Разумава неадназначна ацэньваюць стан ягонае цяперашняе псыхічнае адэкватнасьці, яны добра памятаюць, што на пачатку 1990-х гадоў ён быў вядомым апазыцыйным лідарам, які арганізаваў у Воршы першыя працоўныя страйкі. І не выключаюць, што ягонае знаходжаньне на волі для ўладаў уяўляе небясьпеку і цяпер.
XS
SM
MD
LG