Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь увяла пасты на мяжы з Расеяй: прычыны і рэакцыі


Міхал Стэльмак, Менск З 11 чэрвеня Беларусь увяла пасты на мяжы з Расеяй. Работнікам гэтых пастоў даручана інфармаваць расейскіх грузаперавозчыкаў аб неабходнасьці выкананьня беларускага заканадаўства і аб сур’ёзнай адказнасьці за яго парушэньне. Чым выклікана гэтая беларуская навацыя і як рэагуе на яе расейскі бок?

Беларускія пасты зьявіліся на ўсіх пунктах пропуску на мяжы з Расеяй. На пастох – супрацоўнікі дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных справаў і мытнага камітэту. Якая іх задача? Вось што паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік міліцэйскага ведамства Аляксандар Герасімаў:

(Герасімаў: ) “Кіроўцам усіх грузавых аўтамабіляў, якія ўяжджаюць у Беларусь, трэба тлумачыць парадак праезду па яе тэрыторыі. Рэч у тым, што любы груз, які адносіцца да катэгорыі падакцызных тавараў і які ўвозіцца на тэрыторыю Беларусі або зьяўляецца транзытным, павінен мець канвой. Але канвой – гэта платная паслуга”.

Як патлумачыў Аляксандар Герасімаў, канваяваць расейскіх грузапервозчыкаў даручана дэпартамэнту аховы, у якога расцэнка за паслугу – адзін даляр за кожны кілямэтар суправаджэньня. Такім чынам, аднаразовы транзыт па беларускай тэрыторыі ад Смаленскай вобласьці да мяжы з Польшчай ці Літвой або ў адваротным кірунку абыдзецца цяпер расейцам у дадатковую суму памерам каля 500 даляраў.

Паводле беларускага боку, новаўвядзеньне вымушанае. Пасты было вырашана ўвесьці пасьля нядаўняга гучнага скандалу з затрыманьнем на беларуска-літоўскай мяжы вялікай партыі расейскіх цыгарэт і алькаголю, якія везьлі ў Калінінградзкую вобласьць, але нібыта з парушэньнем беларускага заканадаўства. Таму гэты груз спачатку быў канфіскаваны, аднак пасьля пратэсту з боку Масквы яго вярнулі ўласьнікам.

Расейскі бок нэгатыўна ўспрыняў зьмену парадкаў на беларуска-расейскай мяжы. Вось як пракамэнтавала зьяўленьне там беларускіх пастоў прадстаўніца Расейскай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Антаніна Камчатава:

(Камчатава: ) “Мы выступаем наагул супраць так званых адміністрацыйных бар’ераў, паколькі хуткасьць перамяшчэньня грузаў у Расеі і краінах СНД значна ніжэйшая, чым па эўрапейскіх краінах. Таму што шмат часу адымаюць у нас усе магчымыя фармальнасьці... Тое, што можа прывесьці усялякія магчымыя прастоі, гэта ўсё кладзецца ў кошт перавозкі”.

Беларускія ўлады заяўляюць пра часовае ўвядзеньне пастоў на мяжы з Расеяй. Як патлумачыў прадстаўнік дэпартамэнту аховы Аляксандар Герасімаў, яны будуць дзейнічаць да спэцыяльнага рашэньня ўрадаў дзьвюх краінаў. Між тым, на думку некаторых экспэртаў, насамрэч гэта пачатак новай тэндэнцыі ў дачыненьнях Масквы і Менску. Гаворыць кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Гэта паступовы плян збудаваньня мытні на нашай усходняй мяжы. Гэта падрыхтоўка Менску да канфлікту з Расеяй ў пытаньнях нафты і газу. І гэта, па сутнасьці, падрыхтоўка да дэ-факта, каб і зь беларускага боку сказаць, што ніякага мытнага саюзу, ніякіх надзвычайных узаемаадносін з Расеяй няма. Такім чынам, з аднаго боку, мы бачым ня толькі кантроль, мы бачым фактычна глыбокі недавер Менску да Масквы і Масквы да Менску і маем усе падставы да таго, каб казаць, што гэта, безумоўна, крызіс”.
XS
SM
MD
LG