Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Міраж пад назвай футбол”


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд недзяржаўнага друку за 15 чэрвеня.

Каля 8 тысячаў кіроўцаў аўтамабіляў на Берасьцейшчыне прыцягнутыя да адказнасьці за тое, што ставяць на сваіх машынах танаваныя шыбы, паведамляе ў сьвежым нумары “Брестский курьер”. Гаворыць намесьнік галоўнага рэдактара газэты Дзьмітры Паталятаў:

(Паталятаў: ) “З красавіка, калі пачала дзейнічаць новая рэдакцыя Правілаў дарожнага руху, супрацоўнікі ДАІ літаральна штодня затрымлівалі па 250 – 300 шофэраў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі з парушэньнем гэтых правілаў. На сёньня штодня, пасьля ўсіх гэтых захадаў, выяўляецца такіх 50 – 80 чалавек”.

У Сьветлагорску нарэшце цалкам закончаць будаўніцтва і ўпарадкаваньне школы №12, разьмешчанай у адным з новых спальных раёнаў гораду, паведамляе газэта “Ранак-плюс”. Будаваць школу пачалі ў 1993 годзе, першых вучняў яна прыняла ў 2002-м, але будынак быў здадзены ў эксплюатацыю ня цалкам – не працавала спартзаля, абеды ў школьную сталоўку завозілі, а не гатавалі самі.

“Камсамолка” піша пра тое, як у Беларусі будуць аднаўляць асушаныя некалі балоты – грошы на гэтую справу далі эўрапейцы. Агульны бюджэт праекту – мільён даляраў. На гэтыя грошы за чатыры з паловаю гады адновяць 17 парушаных і некарыстаных балот з агульнай плошчай каля 42 тысячаў гектараў. Рэч у тым, што са зьнікненьнем балот наўпрост зьвязаныя праблемы клімату: меней стала ападкаў, павялічылася колькасьць моцных замаразкаў і засух, з асушаных балот выдзяляецца вуглякіслы газ. Таму ўсясьветная супольнасьць зацікаўленая ў іх аднаўленьні.

А “Наша ніва” зьмяшчае артыкул “Міраж пад назвай футбол”, у якім трапна клясыфікуюцца футбольныя заўзятары. Ёсьць сярод іх такія, для каго зоркі футболу – гэта багі ды ідалы. “Даўно заўважана псыхолягамі — калі вы хочаце зьбіць з панталыку якога-небудзь навязьлівага заўзятара, які дурыць вам галаву сваімі захапленьнямі футбольнымі зоркамі, лепей за ўсё пачаць зь ім размаўляць таксама пра зорак. Але — колішніх. Не пра Руналдзінью, Бэкгэма, Дрогбу ці Шаўчэнку, а, скажам, пра гульцоў менскага “Дынама” ўзору 1982 году… Загаварыўшы пра іх з сучасным заўзятарам, вы ўбачыце, як зьнікае ягоны энтузіязм, цямнеюць вочы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG