Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Езьдзіў у Менск здаваць тэставаньне па беларускай мове. І што вы думаеце: яно праводзілася выключна на рускай мове, усе блянкі адказаў – на рускай мове..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 14 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Віктар Бутто: ) “Пра беларускую мову. Большасьць зь беларускай нацыі размаўляе і піша па-расейску, і большасьць з гэтай катэгорыі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь жадае, каб Рэспубліка Беларусь была прававой, багатай і паважанай дзяржавай. І ад гэтай большасьці знаходзяцца ў стоадсоткавай залежнасьці тыя, хто размаўляе і піша па-беларуску. Каб нацыя размаўляла і пісала на беларускай мове, для гэтага патрэбна, як правіла, вельмі шмат часу, цярпімасьць і паважлівыя адносіны да рускамоўных, што цалкам пакуль адсутнічае. На працы і ў жылых дамах большасьць піша і размаўляе толькі на рускай мове, і вы ў гэтым добра ўпэўніваецеся. Зь вялікай павагай”.

(Спадарыня: ) “Мяне, як і ўсіх сумленных грамадзянаў Беларусі, хвалюе палітычны лёс кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006 году спадара Мілінкевіча. Я і ўсе мае родныя аддалі на выбарах голас за яго і лічым, што ён дастойны кандыдат ад Кангрэсу дэмакратычных сілаў. У мяне сёньня пытаньне да спадара Вячоркі. Ён будзе прытрымлівацца тых жа поглядаў на лідэра Мілінкевіча ці будзе хістацца ў другім накірунку?

У час выбараў я прысутнічала на сустрэчы ў кінатэатры “Дружба”, і мне вельмі спадабалася каманда Мілінкевіча. У гэты час яна была працавітая, добрасумленная, у іх былі добрыя прагнозы. Але ж у нашай краіне здарылася тое, што і павінна было здарыцца, то бок паўторных выбараў не было, Мілінкевіч прайграў. Цяпер яшчэ раз задаю пытаньне спадару Вячорку: Зь кім вы будзеце працаваць у барацьбе за лёс радзімы?”

(Сокал, Вілейка: ) “Першае, велізарнейшы дзякуй за паштоўку, нечакана і вельмі прыемна.

Другое, не такое прыемнае, як першае, нават зусім непрыемнае. Учора езьдзіў у Менск здаваць тэставаньне па беларускай мове. І што вы думаеце: яно праводзілася выключна на рускай мове, усе блянкі адказаў – на рускай мове, ніводнага настаўніка, які б размаўляў па-беларуску. Пасьля гэтага яшчэ цэнтрысты кажуць, што ў тым, што няма беларускай мовы, вінаваты самі, маўляў, вучыце – вось вам і будзе беларуская мова. Дык адкажыце тады на такое пытаньне, як магчыма вучыць яе ў такіх умовах?”

“Пачуў вашае пытаньне тыдня. Безумоўна, беларусы павінны размаўляць на беларускай мове, таксама як расейцы і палякі на сваёй. Таму што, што ёсьць краіна, што ёсьць народ без сваёй мовы, без сваёй культуры? Можна любую мову вывучыць – дык што? Калі, напрыклад, я нямецкую мову вывучу, я магу казаць, што я немец? Не. Свой народ павінен размаўляць на сваёй мове, толькі на сваёй!”

(Пэнсіянэрка Васільеўна, Менск: ) “Кажуць, што Казуліну далі год пазбаўленьня свабоды за тое, што парваў партрэт. А вось адказаў хто-небудзь за тое, што разьбіў твар Казуліну?”

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт забойства лідэра ці проста бандыта, якое гэта мае значэньне. Але галоўнае – рэакцыя на гэта. Буш на сёмым небе! Але няўжо нельга зразумець, што замест аднаго забітага стануць тысячы такіх жа, яшчэ большых галаварэзаў! Калі ўжо хочаш дапамагчы ірацкаму народу, дык зрабі ўсім роўныя ўмовы – вось гэта і будзе ў нейкай ступені маленькі рух наперад да дэмакратыі. І перш за ўсё трэба вывесьці адтуль войска, даць людзям самім разабрацца. Разьбяруцца яны!”

(Спадар: ) “Прывітаньне, паважаныя дэмакраты! Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт беларусаў і іх мовы. Беларусы павінны размаўляць на той мове, якая ім падабаецца. Але нацыя беларуская павінна ведаць, хоць ён і рускамоўны, беларускую мову. А што наконт палітыцы, то Беларусь павінна ўвайсьці ў Эўразьвяз”.

(Спадарыня: ) “Мужчына, які сьмяяўся са “Свабоды” ў адносінах да галадаючых хлопцаў “Маладога фронту”, мае ў сваёй грудзі ня сэрца, а камень. Што можа разумець гэты бессардэчны чалавек? Вось такія людзі падтрымліваюць Лукашэнку! Ім напляваць на тое, калі маладыя замярзалі на плошчы, калі людзей зьбівалі дубінкамі, саджалі ў турмы. А цяпер яны сьмяюцца з маладых хлопцаў, якія галадаюць за вызваленьне з турмаў палітвязьняў, за спыненьне перасьледаваньня іншадумцаў. У гэтых хлопцаў дужае, добрае, высакароднае сэрца. Ад усёй душы і сэрца я жадаю, каб іхныя сэрцы вытрымалі гэтае страшнае выпрабаваньне. Грамадзтва, моладзь гораду Менску! Ідзіце на вуліцы, на плошчу! Зьбірайцеся ўсе разам, дапамажыце, падтрымайце галадаючых хлопцаў! Яны такія маладыя, яны таксама хочуць жыць! Дапамажыце хлопцам! Малю вас!”
XS
SM
MD
LG